Лукашэнка загадаў выгнаць са школы „ідэалагічна няправільных” настаўнікаў
У беларускіх школах не павінны працаваць настаўнікі, якія не прытрымліваюцца дзяржаўнай ідэалогіі. Пра гэта Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку. У сувязі з тым, што настаўнікам выказваюць прэтэнзіі за фальсіфікацыі на выбарах, Лукашэнка загадаў абараніць іх ад нападак. А потым запатрабаваў: „Калі хтосьці перакінуўся ў іншы лагер, нам таксама трэба з імі разбірацца”. Па словах Лукашэнкі, у Беларусі дзяржаўная адукацыя, дзяржаўныя школы, дзяржаўная ідэалогія. Тых, хто з гэтым не згодны, ён запатрабаваў звольніць. Між тым, артыкул 4 Канстытуцыі Беларусі сцвярджае: „Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА