Лукашэнка заклікае сілавікоў „быць народнымі людзьмі”



Галоўнае ў працы праваахоўных органаў не статыстыка, а рэакцыя насельніцтва, заявіў кіраўнік дзяржавы 11 лютага на пашыраным пасяджэнні калегіі Следчага камітэта (СК).

„Нам не патрэбная паказуха”, — цытуе Лукашэнку БелТА.

Статыстыка адлюстроўвае вынік дзейнасці праваахоўнікаў і можа служыць для аналізу яе эфектыўнасці, але галоўнае — гэта рэакцыя насельніцтва, падкрэсліў ён.

Лукашэнка заклікаў міліцыю і іншыя сілавыя структуры „быць народнымі людзьмі” і запатрабаваў ад іх рабіць усё неабходнае для павышэння іміджу ў насельніцтва, даказваючы, што яны носяць пагоны для аховы людзей.

Аналагічныя заклікі кіраўнік дзяржавы выказаў два тыдні таму. „Вы павінны рабіць усё, каб спадабацца чалавеку сваімі дзеяннямі. <…> Вы для нашых грамадзян — самыя блізкія прадстаўнікі закону, ўвасабляеце для іх справядлівасць і бяспеку”, — сказаў ён на калегіі МУС 28 студзеня.

Гэтым заявам папярэднічаў скандал са збіваннем супрацоўнікамі АМАП двух грамадскіх актывістаў і карэспандэнта партала tut.by Паўла Дабравольскага 25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна Менска, дзе слухалася рэзанансная „справа графіцістаў”. Пасля збітых абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі і пакаралі буйнымі штрафамі. Факт збівання атрымаў шырокі грамадскі рэзананс, і ГУУС Менгарвыканкама вымушанае было прызначыць у сувязі з гэтым службовую праверку. СК, у сваю чаргу, паведаміў аб правядзенні праверкі паводле скаргі збітага журналіста.

belapan.by