Лукашэнка заклікаў малыя краіны адмовіцца ад ролі статыстаў
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступе на форуме «Менскі дыялог» зноў прапанаваў беларускую сталіцу як пляцоўку для перамоваў у канфлікце Расеі і Захаду.
Ён бачыць Менск пераемнікам міратворчай ініцыятывы, якая падчас «халоднай вайны» мела назву «Хельсінкі».
Але, зазначыў беларускі кіраўнік, свет зараз стаў іншым – не біпалярным, а шматпалярным, таму малым і сярэднім краінам прыйшла пара выступаць самім з мірнымі прапановамі і ініцыятывамі.
– У сілу непрымірымасці пазіцый ключавых гульцоў менавіта сярэднія і малыя краіны атрымліваюць унікальную магчымасць ініцыяваць прапановы па дыялогу і мерам даверу. Неабходна гэтай магчымасцю скарыстацца, а не гуляць ролю статыстаў ці саюзнікаў па ваенна-палітычных блоках, такіх як НАТА ці АДКБ. Неабходна ў добрым сэнсе парушыць манаполію дыялогу па гэтых пытаннях толькі паміж вялікімі краінамі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сённяшняя сітуацыя ў свеце нагадвае дні напярэдадні Першай Сусветнай вайны. Толькі мірныя перамовы могуць прадухіліць эскалацыю канфлікта.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота БелТА