Лукашэнка заклікаў Расею і Турцыю пайсці на саступкі
Аляксандр Лукашэнка заклікае Расею і Турцыю пайсці на саступкі і кампрамісы для аднаўлення добрых адносінаў. Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў 12 снежня ў Ашхабадзе на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 20-годдзю нейтралітэту Туркменістана.
„Трэба пераадолець усялякія нагнятанні запалу і знайсці магчымасць зрабіць для пачатку хаця б паўкроку насустрач адзін аднаму. І праблема вырашыцца. Адновяцца тыя добрыя, блізкія адносіны, якія былі паміж гэтымі народамі і дзяржавамі і абавязкова будуць”, – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў цяперашнім свеце ўсе ўзаемазвязаныя. „Калі загарыцца ў адной частцы свету, то імгненна адгукнецца і ў іншай. І калі мы дапусцілі дзесьці памылкі, трэба іх умець прызнаваць і, як гаварыў прэзідэнт Узбекістана, прызнаўшы іх, знайсці ў сабе сілы пайсці на ўступкі і кампрамісы для таго, каб згладзіць сітуацыю”, – падкрэсліў беларускі кіраўнік.
„Памылкі ў гэтым бурным свеце непазбежныя, і іх трэба не нагнятаць, а вырашаць. Даруйце мне, гэта тычыцца і апошняга канфлікту паміж нашай Расіяй і дружалюбнай нам Турцыяй”, – падкрэсліў Лукашэнка.
Варта адзначыць, што з гэтым заклікам афіцыйны беларускі лідар выступіў напярэдадні сустрэчы з прэзідэнтам Расеі. 14-15 снежня Лукашэнка паводле запрашэння Уладзіміра Пуціна наведаў Расею з афіцыйным візітам. Як перадае сайт Крамля, „15 снежня адбудуцца перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па шырокім спектры актуальных пытанняў расейска-беларускіх адносінаў і міжнароднага парадку дня”.