Лукашэнка запрасіў кіраўнікоў краін ЕАЭС на саміт у Менск
Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае правесці пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 19 мая ў Менску. Сваю ініцыятыву ён агучыў сёння падчас гутаркі ў фармаце тэлеканферэнцыі з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Фрагмент размовы паказаў у навінавым выпуску тэлеканал „Беларусь 1”.
„Я сёння размаўляў са спадаром Такаевым, прэзідэнтам Казахстана. Яны цяпер кансультуюцца з прэзідэнтам Расіі. І магу вам сказаць, і сказаў яму: я — ваш слуга, як вы скажаце, так і будзе, — адзначыў Лукашэнка. — Я арганізоўваю мерапрыемства. Я гатовы 19 мая прыняць усіх вас. Абяцаю поўную бяспеку. Упэўнены, што вы з задавальненнем, пабываўшы тут, у добрым настроі пакінеце Менск. Калі, вядома, гэта дазволіць вам сітуацыя. Я ведаю, што вы заўсёды прыляціце да нас. Прэзідэнт Казахстана таксама гатовы прыляцець. Паглядзім, якая будзе рэакцыя прэзідэнта Расіі, паколькі ў іх, як мы бачым у СМІ, у заяве самога Пуціна, што сітуацыя не вельмі добрая, але з 12-га чысла, я ўпэўнены, яны таксама будуць аслабляць гэты каранцін. Таму к 19 мая, калі будзе ваша жаданне наведаць Менск, я з вялікім задавальненнем вас прыму”.
Паводле слоў Лукашэнкі, ён не вельмі ўспрымае фармат відэаканферэнцый, таму што „ўжо людзі пачынаюць смяяцца”.
„Калі мы хочам сур’ёзна абмеркаваць пытанне, мы можам сабрацца тут і абмеркаваць яго з воку на вока, — сказаў афіцыйны беларускі лідар. — Няхай мы не будзем велізарны натоўп чыноўнікаў за сабой цягнуць. Няхай там будзе адна-дзве камеры, нашы асабістыя аператары і фатографы, якія змогуць зняць гэтую падзею. Але мы б сустрэліся і пагаварылі тут”.
Лукашэнка лічыць, што „перашкод для правядзення вочна гэтага пасяджэння на самым высокім узроўні сёння няма”. „Але ўсё будзе залежаць ад вас, ад маіх гасцей. Калі гэта немагчыма, я думаю, што мы можам у рэшце рэшт перанесці гэтае мерапрыемства на некалькі дзён, пакуль сітуацыя не будзе пэўнай і не супакоіцца”, — прапанаваў ён.
Як паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта, Дадон падтрымаў прапанову Лукашэнкі аб правядзенні пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў вочным фармаце.
„Вядома, лепш, каб было ў вочнай форме, каб мы сустрэліся і пагаварылі. Таму што ёсць аб чым пагаварыць і з улікам усёй гэтай сітуацыі падзяліцца вопытам, — сказаў ён. — Таму, калі нашы з вамі калегі прымуць рашэнне, што ў вочнай форме, я з задавальненнем прылячу”.
Фота Белта