Лукашэнка заснаваў новае свята — Дзень народнага адзінства
У Беларусі заснавана яшчэ адно дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. Адпаведны ўказ № 206 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 чэрвеня, паведаміла яго прэс-служба.
Дзень народнага адзінства будзе адзначацца 17 верасня, але не стане выхадным днём.
17 верасня 1939 года савецкія войскі перайшлі польскую мяжу, і пачалося далучэнне да СССР Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія адышлі Польшчы па ўмовах Рыжскай дамовы ў 1921 годзе.
Аргументуючы выбар даты для Дня народнага адзінства, у прэс-службе Лукашэнкі адзначылі, што гэты дзень „стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі”, і „назаўжды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі”.
„Сёння беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны, — гаворыцца ў паведамленні. — Усталяванне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці”.
2021 год у Беларусі абвешчаны Годам народнага адзінства. Падводзячы вынікі VI Усебеларускага народнага сходу 12 лютага, Аляксандр Лукашэнка даручыў сваёй адміністрацыі і ўраду прапрацаваць заснаванне Дня народнага адзінства.