Лукашэнка зацвердзіў Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі
Аляксандр Лукашэнка падпісаў пастанову Савета бяспекі „Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”. Дзяржорганам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі дакумента „ў практычнай дзейнасці”.
Вынікі яе рэалізацыі павінны адлюстроўвацца ў штогадовым дакладзе кіраўніку Беларусі аб стане нацыянальнай бяспекі і мерах па яе ўмацаванні, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
„У Канцэпцыі ўлічаныя ўсе заўвагі і прапановы членаў Савета бяспекі, якія паступілі падчас разгляду праекта Канцэпцыі на пасяджэнні 12 сакавіка 2019 года. У прыватнасці, асабліва звернутуя ўвага на пераемнасць Канцэпцыі ў адносінах да асноватворнай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, узмоцненыя палажэнні аб падрыхтоўцы кадраў у галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, выкарыстанні сусветных рэйтынгаў для ацэнкі яе стану, абароне камерцыйнай, прафесійнай, банкаўскай таямніц. Канкрэтызавана, што рэагаванне на рызыкі і выклікі ў інфармацыйнай сферы ажыццяўляецца ўсімі без выключэння дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ў адпаведнасці з вобласцю іх дзейнасці, максімальна поўна і аператыўна”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.
Падкрэсліваецца, што Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі — гэта „сістэма афіцыйных поглядаў на сутнасць і змест забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы, у якой вызначаюцца стратэгічныя задачы і прыярытэты ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі”.
Прэс-служба Лукашэнкі ўдакладняе, што Канцэпцыя зыходзіць з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным свеце, грунтуецца на пагадненнях аб супрацоўніцтве ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаў — удзельніц СНД, дзяржаў — членаў АДКБ, двухбаковых пагадненнях і іншых абавязацельствах Беларусі ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі, улічвае асноўныя палажэнні актаў міжнародных арганізацый, у тым ліку рэзалюцый Генеральнай асамблеі ААН, рэкамендацый АБСЕ.
„Дакумент забяспечвае комплексны падыход да праблемы інфармацыйнай бяспекі, стварае метадалагічную аснову для ўдасканалення дзейнасці па яе ўмацаванні, служыць падставай для фарміравання дзяржаўнай палітыкі, выпрацоўкі мер па ўдасканаленні сістэмы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, канструктыўнага ўзаемадзеяння, кансалідацыі намаганняў і павышэння эфектыўнасці абароны нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы, спрыяе мэтанакіраванай інтэграцыі Беларусі ў сістэмы забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі на аснове нацыянальных прыярытэтаў”, — паведамляе прэс-служба.
У Канцэпцыі „адлюстраваныя сучасныя выклікі і пагрозы, якія фармуюцца ў інфармацыйнай сферы і ўяўляюць небяспеку для канстытуцыйных асноў і жыццядзейнасці дзяржаў, — маніпуляванне масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцяў, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя”.
Прэс-служба Лукашэнкі адзначае, што па сваёй сутнасці Канцэпцыя „ўяўляе сабой сучасны палітычны акт, нацэлены на ўсёабдымнае развіццё Беларусі як суверэннай, дэмакратычнай, сацыяльнай дзяржавы”. Асабліва падкрэсліваецца, што „бяспека інфармацыйнай сферы забяспечваецца ў першую чаргу менавіта праз яе развіццё. Змест дакумента прызначаны да ўвагі дзяржаўных органаў, грамадскасці, грамадзян, саюзнікаў і партнёраў Беларусі, іншых суб’ектаў міжнародных адносін”.
„Асабліва важна, што Беларусь пазіцыянуецца як міралюбная дзяржава, якая разлічвае на цывілізаванае вырашэнне ўсіх пытанняў глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, няўхільнае і эфектыўнае развіццё чалавечага патэнцыялу. Канцэпцыя арыентаваная на ўцягванне ў забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадзянскай супольнасці, бізнесу, прадстаўнікоў навуковай, адукацыйнай і культурнай супольнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.
12 сакавіка Лукашэнка абмеркаваў з членамі Савета бяспекі праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. Беларускі кіраўнік заявіў, што ў інфармацыйнай сферы павінен быць парадак, але ніхто нікому не павінен закрываць рот. „У адваротным выпадку, як гэта было ў нас раней у гісторыі, усё перанясуць на кухню і там будуць абмяркоўваць, як у народзе кажуць, абсмоктваць усе гэтыя пытанні. І рана ці позна гэта выплюхнецца на вуліцу. Таму гэтага ні ў якім разе нельга рабіць. Ды гэта і немагчыма: і не толькі таму што ў нас інтэрнэт з’явіўся — змянілася грамадства, планета змянілася. Таму займацца пустэчай не трэба — тыпу забараняць людзям выказваць сваё меркаванне. Але калі гэтае меркаванне выдуманае, надуманае, калі гэтая навіна, звязаная з якімсьці меркаваннем, фэйкавая, выкажыце сваю пазіцыю. Паверце, праўда заўсёды пераможа”, — адзначыў Лукашэнка.
Намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Уладзімір Арчакоў раней заявіў журналістам, што ад прыняцця канцэпцыі „імгненнага эфекту не будзе”. „Што вось яе прынялі — і раптам усё стала бясхмарна і спрыяльна. Як нейкі вынік рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі мы бачым простыя рэчы: што людзі будуць атрымліваць шмат цікавай, дакладнай, пазітыўнай інфармацыі, тое, што на нашых вуліцах не будзе гучаць „хайль Гітлер”, тое, што ў нашы камп’ютары не будуць залазіць „чарвякі-вымагальнікі”, тое, што нашы аб’екты інфраструктуры не будуць спыняцца па незразумелых прычынах з-за камп’ютарных збояў. Тое, што персанальныя дадзеныя грамадзян не стануць здабыткам нейкіх асобаў, якім гэта, у прынцыпе, і не трэба”, — сказаў на заканчэнне Арчакоў.
belapan.by