Лукашэнка заявіў Мадуру пра непрымальнасць знешняга ўмяшання
Беларускі бок старанна адсочвае сітуацыю ў сяброўскай Венесуэле і суперажывае чарговаму вітку напружанасці, які падсілкоўваецца дэструктыўнымі сіламі як унутры, так і за межамі краіны.
Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка познім вечарам 25 студзеня ў тэлефоннай размове з Нікаласам Мадурам, які на апошніх выбарах быў абвешчаны прэзідэнтам гэтай лацінаамерыканскай краіны.
Лукашэнка, словы якога прыводзіць яго прэс-служба, падкрэсліў, што Беларусь цалкам адданая і паслядоўна выступае за мірнае ўрэгуляванне ўнутранай сітуацыі ў Венесуэле выключна ў межах прававога поля і канстытуцыі краіны. „Катэгарычна не падтрымліваем любое знешняе ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, у тым ліку накіраванае на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне”, — заявіў беларускі кіраўнік.
Ён запэўніў, што Венесуэла заўсёды можа разлічваць на падтрымку Менска.
У сталіцы Каракасе і іншых гарадах краіны праходзяць масавыя акцыі пратэсту супраць узурпацыі Мадурам прэзідэнцкай улады. Лідар апазіцыі Хуан Гуаіда прынёс прысягу прэзідэнта. Яго прызналі ЗША, Вялікабрытанія, шэраг лацінаамерыканскіх краін.