Лукашэнка заявіў пра новую старонку ў адносінах з Германіяй
Беларусь адкрывае новую старонку адносін з Нямеччынай, накіраваную ў лепшы бок, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада ў Менску на сустрэчы з віцэ-канцлерам, федэральным міністрам замежных спраў Зігмарам Габрыэлем. «Час ідзе, ён мяняе многае. Так і ў сучасным свеце нашы адносіны змяняюцца з цягам часу».
Таксама Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці нямецкаму боку за штогадовую дапамогу ў аздараўленні беларускіх дзяцей з пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыяў. Ён выказаў удзячнасць за тэхналагічную падтрымку, што аказваецца беларускай эканоміцы. І папрасіў нямецкі бок уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі і аб’ектыўна яе ацэньваць: «З тэрыторыі Беларусі вы ніколі не атрымаеце ніводнага сігналу ў парушэнне цэласнасці і бяспекі еўрапейскага кантыненту».
Міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль „уражаны прыхільнасцю Беларусі ідэі еўрапейскай згуртаванасці”. Пра гэта ён заявіў журналістам па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і перамоваў з беларускім калегам Уладзімірам Макеем.
Кіраўнік германскай дыпламатыі рады, што „пасля спрэчак апошняга часу аб правах чалавека” удалося зняць санкцыі ЕЗ з Беларусі. „Нам удаецца лепш супрацоўнічаць”, – сказаў ён.
Ён таксама выказаў надзею, што на саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе 24 лістапада ў Бруселі, зможа прыехаць кіраўнік Беларусі. „Гэта было б добрым сігналам”, – лічыць Зігмар Габрыэль.
Паводле БелаПАН
Фота БелТА