Лукашэнка заявіў, што не падтрымлівае напад Расеі на Украіну, але ёсць дамовы



Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне карэспандэнта японскага тэлеканала TBS Шыгеноры Канехіра, ці падтрымлівае ён расейскія ваенныя дзеянні супраць Украіны. Фрагмент відэазапісу апублікаваў тэлеграм-канал „Пул першага”.

Паводле яго слоў, ён „рабіў усё”, каб ва Украіне быў мір, і быў гатовы адправіць у Данбас сваіх пагранічнікаў, каб закрыць мяжу з Расеяй.

«Мы з Расеяй адзіныя на столькі, на колькі Украіну падтрымліваюць Амерыка і Еўрапейскі саюз. У тым ліку і Японія. І яшчэ, каб ужо вы разумелі дакладна сітуацыю. Напярэдадні канфлікту Украіны з Расеяй – вы ведаеце маю пазіцыю – я рабіў усё для таго, каб там не было вайны і быў мір. Я быў гатовы нават закрыць мяжу паміж Данбасам і Расеяй. Ведаеце, 400 кіламетраў – я гатовы быў закрыць гэтую мяжу сваімі памежнікамі. І іншую дапамогу аказаць Украіне. І Расея пагадзілася з гэтым. А Украіна адмовіла. Чаму? Таму што іх Захад штурхаў да гэтай вайны», – заявіў ён.

Працягваючы развагі, Лукашэнка таксама ўзгадаў, што ў маі мінулага года Украіна закрыла паветраную прастору для беларускіх самалётаў.

«Больш за тое, яны ўвялі супраць нас санкцыі – Украіна ўвяла супраць Беларусі санкцыі раней, чым гэта зрабіў Захад. Яны закрылі нам магчымасць лятаць праз Украіну. Гэта значыць закрылі неба. Абмежавалі ўсякія палёты. У той час, калі ў іх быў канфлікт з Расеяй з 14-га года, мы былі такім пунктам, праз які яны ляталі і ў Расею, і ў іншыя краіны. Яны рыхтавалі на тэрыторыі Украіны супраць нас баевікоў, рыхтуюць і зараз. Яны пастаўлялі сюды ўзрыўчатку, зброю для тэрарыстычных груповак. Мы іх нейтралізавалі, аб гэтым усё ведаюць. Гэта значыць Украіна заняла варожую пазіцыю супраць Беларусі. Скажыце, як мы павінны былі павесці сябе ў дадзенай сітуацыі?», – звярнуўся ён з пытаннем да японскага журналіста.

«Дазвольце ўдакладніць, вы падтрымліваеце расейскія вайсковыя дзеянні супраць Украіны?», – вярнуўся той да прадмета гутаркі.

«Я ніколі ніякіх вайсковых дзеянняў не падтрымліваў і ніколі не буду падтрымліваць, каб вы разумелі і ведалі. Ні з боку Расеі, ні з боку Японіі, ні з боку Ўкраіны, ні з боку Амерыкі. Вайна непрымальная. Тое, што тычыцца нашых адносінаў і падтрымкі Расеі – у любой сітуацыі – мы саюзнікі. У нас дамовы заключаныя адпаведныя», – заявіў Лукашэнка.

reform.by