Лукашэнка заявіў, што правёў ва Украіне „спецаперацыю” па вызваленні грамадзян Беларусі
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ва Украіне нібыта арыштавалі маёмасць Беларусі, а з ёй – каля сотні беларусаў. Паводле слоў дыктатара, для іх вызвалення была праведзена „спецыяльная аперацыя” – натуральна, выдуманая.
Адпаведную заяву Лукашэнка зрабіў падчас пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі Беларусі.
„Дайшло да таго, што гэтыя нягоднікі пачалі захопліваць там нашых людзей, найперш кіроўцаў аўтамабіляў, якія на той час трапілі туды”, — сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе Украіну.
Далей дыктатар заявіў, што ўкраінцы нібыта арыштавалі паўтары тысячы вагонаў і да сотні транспартных сродкаў, якімі валодалі беларусы. Людзей, па яго словах, таксама ўзялі ў палон.
„Папярэджваў украінцаў, што вымушаны будзем правесці спецыяльную аперацыю па вызваленні гэтых людзей. Мы такую спецаперацыю правялі. І ўсіх нашых людзей вызвалілі”, — дадаў Лукашэнка.
Нагадаем, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Рэспубліка Беларусь актыўна выкарыстоўваецца Расеяй як плацдарм для наступаў і абстрэлаў. Напрыклад, на мінулым тыдні за адны суткі з Беларусі па Украіне было выпушчана 20 ракет.
Беларускае Радыё Рацыя