Лукашэнка: Жыць можна, трэба толькі хутчэй выйсці з гэтай пандэміі



Аляксандр Лукашэнка лічыць, што далейшае эканамічнае развіццё Беларусі залежыць у тым ліку ад хутчэйшага выхаду свету з пандэміі каронавіруснай інфекцыі. Пра гэта ён заявіў 16 траўня падчас рабочай паездкі ў Гарадзенскую вобласць, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

„Жыць можна, — сказаў Лукашэнка. — Трэба толькі, каб хутчэй выйшлі ўсе з гэтай пандэміі. Таму што эканоміка экспартна арыентаваная. Чым хутчэй адкрыецца свет пасля гэтай хваробы, тым лепш будзе для Беларусі”.

Гаворачы пра сельскую гаспадарку, Лукашэнка адзначыў, што ўмовы надвор’я сёлета „пакуль складаюцца як нельга лепш”. „Я ўжо думаю, што, можа быць, з-за пандэміі, што менш лётаць пачалі. Я памятаю толькі з дзяцінства такое надвор’е, калі навальніцы, добрыя дажджы ў гэты час, — заявіў ён. — Гэта для сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай прамысловасці сыравіна — малако, мяса будзе. Гэта, вядома, вялікая ўдача”.

Паводле слоў Лукашэнкі, цяпер трэба надаць увагу нарыхтоўцы кармоў, падрыхтавацца да ўборкі „збажыны і гародніны”.

У Гародні, паведамляе прэс-служба, запланаваная сустрэча Лукашэнкі з актывам вобласці, а затым наведванне ААТ „Гародня Азот”, дзе гаворка пойдзе пра сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну і прадпрыемства.

belapan.by