Лукашэнка змяніў кіраўніцтва ўрада, прэм`ер-міністрам прызначаны Румас
Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня змяніў кіраўніцтва ўрада: замест Андрэя Кабякова прэм`ер-міністрам Беларусі прызначаны Сяргей Румас, які да цяперашняга часу ўзначальваў Банк развіцця, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Сяргей Румас
Першым намеснікам прэм`ер-міністра прызначаны Аляксандр Турчын, да цяперашняга часу кіраўнік апарату Савета міністраў.
Намеснікам прэм`ер-міністра прызначаны Ігар Ляшэнка. „Ён знаходзіцца ў камандзіроўцы, ён у курсе справы. Будуць курыраваць пытанні, якімі займаўся Уладзімір Сямашка”, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Да цяперашняга часу Ляшэнка ўзначальваў канцэрн „Белнафтахім”.
Намеснікам прэм`ер-міністра таксама прызначаны Уладзімір Кухараў. Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе намесніка старшыні КДК. „Ён будзе курыраваць пытанні будаўніцтва, ЖКГ, транспарту. Гэта аснова. А далей вам вызначаць ва ўрадзе, як вы размяркуеце гэтыя абавязкі”, — адзначыў Лукашэнка.
Акрамя таго, намеснікам прэм`ер-міністра прызначаны Ігар Петрышэнка, які да гэтага быў паслом Беларусі ў Расеі. Ён будзе адказваць за сацыяльную сферу — ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт.
Міністрам архітэктуры і будаўніцтва прызначаны Дзмітрый Мікулёнак, міністрам прамысловасці — Павел Уцюпін. „Ведаеце сферу. Вы там, па-мойму, гадоў пяць прапрацавалі. І вельмі добра, што вы папрацавалі і ў Міністэрстве эканомікі. Для вашай будучай працы гэта проста выдатна”, — адзначыў афіцыйны лідар.
Міністрам сувязі і інфарматызацыі прызначаны Канстанцін Шульган. „Чалавек дысцыплінаваны, ваенны, які вельмі добра ведае гэтую сферу, і асабліва перспектыву развіцця, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, стварэннем вялікай удзельнай вагі ў сферы IT”, — ахарактарызаваў новага міністра кіраўнік дзяржавы.
Міністэрства эканомікі ўзначаліць Дзмітрый Крутой. „Вельмі б хацелася, каб Міністэрства эканомікі (вы гэтую арганізацыю добра вывучылі) набыло новае дыханне і было прыстасаванае да новых рэалій. Гэта вельмі важна”, — сказаў Лукашэнка.
Старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта прызначаны Раман Галоўчанка. „Вы там працавалі, добра ведаеце гэтую сферу. Вельмі добра, што вы папрацавалі на пасадах пасла ў розных краінах. Усё астатняе для таго, каб працаваць у ВПК, у вас ёсць”, — сказаў Лукашэнка.
Даведка БелаПАН. Сяргей Румас нарадзіўся 1 снежня 1969 года ў Гомелі. У 1990 годзе скончыў Яраслаўскае вышэйшае ваеннае фінансавае вучылішча па спецыяльнасці „фінансавае забеспячэнне войскаў”, у 1995 годзе — Акадэмію кіравання пры Кабінеце міністраў Беларусі па спецыяльнасці „арганізацыя і кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасці”. Кандыдат эканамічных навук.
Прафесійны банкір. Працаваў у сістэме Дзяржбанка СССР, затым у камерцыйных банках, пакуль не перайшоў у „Беларусбанк”.
22 верасня 2005 года Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Румаса старшынёй праўлення ААТ „Белаграпрамбанк”.
У 2010—2012 гадах быў намеснікам прэм`ер-міністра, са жніўня 2012 года — старшыня праўлення ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”.
З красавіка 2011 года — старшыня Беларускай федэрацыі футбола.
Андрэй Кабякоў узначальваў урад з 27 снежня 2014 года. На гэтай пасадзе ён змяніў Міхаіла Мясніковіча, які быў адпраўлены ў адстаўку, а пазней узначаліў Савет Рэспублікі.
belapan.by