Лукашэнка зноў страшыць беларусаў “Майданам”
Аляксандр Лукашэнка чарговы раз узгадвае Майдан. Кажа, што яго ў Беларусі не будзе, і пагражае вярнуць у турму арганізатараў вулічных акцый пратэсту. Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу жорстка рэагаваць на дзеянні арганізатараў вулічных акцый супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
У нашым эфіры філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч падкрэсліў, што такія паводзіны кіраўніка дзяржавы – цалкам прадказальныя:
– І гэта пачалося, дарэчы, не ў 2013 годзе, а яшчэ з Майдану 2004 года. Гэта так напалохала Лукашэнку, што ён нават імкнуўся трохі павучыць Януковіча, як пераадольваць такія сітуацыі. Ну і сам ён штогадова да гэтага рыхтуецца. Рыхтуецца, каб прадухіліць нават самую магчымасць. Гэта тое, што палохае дыктараў.
Паводле Лукашэнкі, улада павінна навучыцца весці дыялог з людзьмі, якія ідуць на актыўны пратэст, але ў той жа час неабходна „вельмі строгая адказнасць за парушэнні”. Гаворка ідзе не пра шараговых удзельнікаў дэманстрацый, а пра „правакатараў, якія павінны адказваць па ўсёй строгасці закона”. «Майдану ў Беларусі не будзе. Нават перадумоў да гэтага няма» – перакананы кіраўнік дзяржавы.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ej.by