Лукашэнка зноў сустрэнецца з Пуціным
12 пытанняў на парадку дня – чакаецца прыезд прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў Менск. У беларускай сталіцы адбудзецца чарговае пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Пасяджэнне плануецца правесці ў Менску 25 лютага.
Палітаглядальнік Валер Карбалевіч лічыць сустрэчу ў Менску звычайнай фармальнасцю, праўда з магчымасцю для Лукашэнкі зноў папрасіць фінансавай дапамогі ў Крамля:
– Дзіўна, што гэта будзе ў Менску адбывацца, бо звычайна гэта адбываецца ў Маскве. Час ад часу гэта павінна праходзіць у Менску, таму і прыязджае Пуцін. Я не думаю, што тут вялікі парадак дня, тут хутчэй фармальнасць. У кулуарах Лукашэнка просіць, ён гэтага не хавае, дапамагчы Беларусі фінансава: ці то выдзеліць крэдыт з Еўразійскага банка стабілізацыі развіцця, ці то рэструктураваць тыя даўгі, якія Беларусь павінна сплаціць Расеі ў гэтым годзе, ці тое і другое адначасова. За гэта Расея будзе патрабаваць вайсковую авіяцыйную базу.
На думку Валера Карбалевіча, зняццё санкцый Еўразвязам у дачыненні да Беларусі ніяк не паўплывае на гандлёвые адносіны Беларусі, Расеі і Еўразвяза.
“А ў палітычным плане Уладзімір Пуцін будзе намагацца не дапусціць істотнага збліжэння Беларусі з Еўропай”, – падкрэслівае палітычны аглядальнік.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя