Лукашэнка зняў з пасады кіраўніка Магілёўскай вобласці



Падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка зняў з пасад старшыню Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага і старшыню Шклоўскага райвыканкама Васіля Віцюнова.

Даманеўскі ўзначальваў Магілёўскую вобласць са снежня 2014 года. Да адпаведнага прызначэння выконваць абавязкі старшыні аблвыканкама будзе цяперашні першы намеснік старшыні Мікалай Кароцін.

Віцюнова вырашана прызначыць кіраўніком аграхолдынга „Купалаўскае”, а памочніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова — выканаўцам абавязкаў старшыні райвыканкама.

Па іншых службовых асобах Лукашэнка даручыў Адміністрацыі прэзідэнта ўнесці прапановы ў найбліжэйшы час.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў зняць з пасад усіх вінаватых у неналежных умовах гаспадарання ў аграхолдынгу „Купалаўскае” і распачаць па фактах безгаспадарнасці крымінальныя справы, паведамляецца на сайце тэлеканала ОНТ.

„Каб на стале ляжаў спіс усіх, хто мяне тут суправаджаў. Акрамя губернатара і іншых тут яшчэ былі канкрэтныя людзі, якія павінны былі за гэта адказваць. Распачаць крымінальную справу па ўсёй строгасці закона. Вінаваты — наручнікі і адразу ў следчы ізалятар”, — заявіў Лукашэнка.

Наведваючы малочнатаварны комплекс „Сліжы” прадпрыемства „Амкадор Шклоў” са структуры аграхолдынгу „Купалаўскае”, Лукашэнка абурыўся ўмовамі ўтрымання кароў і адсутнасцю парадку ў вытворчых памяшканнях, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

„Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас наогул не разумею, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Колькі комплекс працуе? Два гады? А мне здаецца, што гадоў дзесяць. Тут ніколі ніхто не прыбірае па-чалавечы”.

belapan.by