Лукашэнка звернецца з пасланнем да народа і парламента
Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў правядуць сумеснае пасяджэнне ў красавіку, каб заслухаць штогадовае пасланне прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы на адкрыцці адзінаццатай сесіі.
«Пасяджэнне плануецца правесці ў красавіку гэтага года ў Авальнай зале Дома ўрада. Дата і час будуць паведамленыя дадаткова», – сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Аляксандр Лукашэнка традыцыйна выступае з пасланнем да беларусаў у красавіку, і толькі ў 2006 і 2012 гадах мерапрыемства праходзіла ў маі.
На мерапрыемства запрашаюцца найвышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, буйнейшых прадпрыемстваў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі.