Лукашэнка звольніў пасла ў Аргентыне і пазбавіў яго рангу



Уладзімір Астапенка вызвалены ад пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Аргентыне ў сувязі з учынкам, які несумяшчальны са знаходжаннем на дыпламатычнай службе. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Раней дыпламат напісаў два звароты ў МЗС Беларусі з просьбай аб звальненні і з пратэстам з нагоды гвалту ў краіне, а пасля запісаў і відэазварот з бел-чырвона-белым сцягам:

– Я згадваю з гонарам пра тое, як у пачатку 90-х гадоў мы будавалі новую незалежную суверэнную дзяржаву – Беларусь. Як падымалі над пасольствамі наш нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. На жаль, у 1995 годзе пасля сумна вядомага рэферэндуму гэта рашэнне давялося памяняць, але сёння справядлівы і ганарлівы народ Беларусі зноў вынес гэты бел-чырвона-белы сцяг на вуліцы нашых гарадоў. І я веру, што ў бліжэйшай будучыні прыйдзе час, калі мы зможам падняць бел-чырвона-белы сцяг над усімі пасольствамі Беларусі ў свеце. Жыве Беларусь!

Указ аб звальненні Астапенкі Лукашэнка падпісаў 3 лістапада. У адпаведнасці з указам Уладзімир Астапенка таксама пазбаўлены дыпламатычнага рангу Надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. Уладзімір Астапенка – шосты па ліку амбасадар Беларусі, які пакінуў сваю пасаду пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя