Лукашэнка звязаў пандэмію з будучым існаваннем Беларусі
Праблема пандэміі каронавірусу самым цесным чынам звязаная з эканомікай краіны. А ў нейкай ступені, магчыма, і з будучым існаваннем нашай рэспублікі.
Гэтак заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб сітуацыі з распаўсюджваннем гэтай інфекцыі: «Мы не ведаем задумы лідараў буйных дзяржаў, як яны скарыстаюцца гэтай сітуацыяй. Але з гісторыі мы ведаем, што кожны карыстаецца сітуацыяй так, як ён лічыць патрэбным і выгадным для сябе».
Таксама, па словах кіраўніка, кантакты першага і другога роўню павінны быць на самаізаляцыі, а не ў лякарнях, калі тэсты на каронавірус даюць адмоўны вынік. Пры гэтым Лукашэнка не выключыў больш жорсткіх патрабаванняў да тых, каго адправілі на самаізаляцыю: «Мы праверылі аднойчы: іх адправілі дадому, але жорсткага заканадаўчага акта няма, і 400 чалавек дома не знайшлі. Мы можам зрабіць такімі жорсткімі, што ў вачах пацямнее». На нарадзе было адзначана, што прапрацоўваецца адпаведны прававы акт.
У Беларусі на 7 красавіка афіцыйна пацверджаны 861 выпадак інфекцыі COVID-19: шпіталізаваныя 794 чалавекі, паправіліся – 54, памерлі – 13. Смерцяў за апошнія суткі не зарэгістравана.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА