Лукашэнка сустрэнецца з прадпрымальнікамі



22 снежня Аляксандр Лукашэнка мае намер сустрэцца з прадпрымальнікамі. Кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел у пашыраным пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва, паведаміла БелаПАН член савета, дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.

„На сустрэчу запрошаны члены савета і прадстаўнікі бізнесу ад кожнай з абласцей. Асобны парадак дня Савет па развіцці прадпрымальніцтва, наколькі мне вядома, не рыхтуе. Нам прапанавана падрыхтаваць выступленні аб праблемах развіцця бізнесу, а таксама з ацэнкай прынятага пакета дакументаў аб развіцці дзелавой ініцыятывы, уключаючы дэкрэт прэзідэнта № 7”, — дадала Тарасевіч.

Яна таксама паведаміла, што на сустрэчу з прэзідэнтам запрошаны члены вядучых бізнес-асацыяцый.

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне „Перспектыва”, якое прадстаўляе інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), на сустрэчу не запрошана. Хоць, як паведаміў БелаПАН старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка, раней на 22 снежня планавалася сустрэча старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандра Турчына з актывам „Перспектывы”. „Проста ігнаруюць — вось і ўсё. Не хочуць чуць тое, што мы скажам. Але, я думаю, мы ў баку не застанемся, і ў залежнасці ад таго, што прагучыць на заўтрашняй сустрэчы, прымем адпаведную заяву”, — сказаў Шумчанка.

23 лістапада Лукашэнка падпісаў дэкрэт „Аб развіцці прадпрымальніцтва”, ён з’яўляецца ключавым дакументам пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнес-клімату.

У папярэдні раз кіраўнік дзяржавы сустракаўся з прадстаўнікамі бізнесу 14 лютага 2017 года — тады пад яго старшынствам прайшло пасяджэнне рабочай групы па стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Адміністрацыі прэзідэнта, якая распрацоўвала пакет дакументаў аб лібералізацыі бізнес-асяроддзя.

Апошняя масавая сустрэча прэзідэнта з прадпрымальнікамі адбылася 17 сакавіка 2015 года на сталічным рынку „Экспабел”, у момант эскалацыі незадаволенасці ІП. Пасля сустрэчы Лукашэнка прадоўжыў дзеянне ўказа, які дазваляе ІП гандляваць прадукцыяй легпрама без суправаджальных дакументаў.

Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце быў створаны ў 1999 годзе. Яго склад зацвярджаецца кіраўніком дзяржавы. 11 кастрычніка 2017 года Лукашэнка падпісаў указ № 370 „Аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва”, якім абнавіў гэты органа прыкладна на 60%. Савет таксама быў надзелены дадатковымі паўнамоцтвамі. Да яго кампетэнцыі цяпер адносіцца разгляд і ўзгадненне праектаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічнага характару, якія ўплываюць на парадак і ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Савет надзелены правам наўпрост уносіць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў Міністэрства эканомікі і ў Савет міністраў.