Лукашэнку хочуць пазбавіць звання доктара Кіеўскага ўніверсітэта
Рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Уладзімір Бугроў лічыць, што Аляксандр Лукашэнка „не варты ганаровага звання доктара гэтай вышэйшай навучальнай установы”. У сувязі з гэтым, як піша кіраўнік ВНУ на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, ён звярнуўся ў навуковую раду ўніверсітэта з заклікам «тэрмінова разгледзець на сваім пасяджэнні пытанне пазбаўлення Лукашэнкі ганаровага статусу».
Як адзначыў Бугроў, яго абурылі апошнія падзеі ў суседняй краіне, у прыватнасці, «разбойны напад на самалёт, які ў Еўропе ўжо назвалі актам пірацтва з боку беларускай улады».
Раней прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што «сітуацыя з прымусовай пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у Менску з’яўляецца парушэннем Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі».
Беларускае Радыё Рацыя