Лукашэнку на выбарах можа дапамагчы толькі цуд, лічыць Цапкала



На цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах Аляксандру Лукашэнку „толькі цуд можа дапамагчы”. Такое меркаванне выказаў прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы Валерый Цапкала 15 чэрвеня ў інтэрв’ю радыёстанцыі „Эхо Москвы”.

„Таму што рэйтынг яго надзвычай нізкі, што мы бачым па велізарнай колькасці людзей, якія ставяць на пікетах подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, — адзначыў Цапкала. — Людзі перасталі баяцца, і мы бачым, што фактычна за ўвесь час толькі два пікеты было за Лукашэнку, дзе падвозілі трыма мікрааўтобусамі людзей, якія сталі ў чаргу для таго, каб аддаць за яго подпісы. А так тыя пікеты, якія я бачыў, — людзі наогул да яго не падыходзяць”.

„Зразумела, што ёсць адміністрацыйны рэсурс, — зрабіў агаворку Цапкала, — ёсць іншыя нюансы, але мы вельмі спадзяемся на тое, што мы ўсё ж такі пройдзем нармальна гэты працэс рэгістрацыі [кандыдатаў]. У нас на сённяшні момант звыш 180 тыс. подпісаў сабрана пры неабходных 100 тыс. Таму я не ведаю, якія аргументы можа выкарыстаць улада для таго, каб не зарэгістраваць мяне ў якасці кандыдата”.

На пытанне аб прызнанні ім перамогі Лукашэнкі на выбарах Цапкала заявіў: „Калі гэта будзе нармальна, дэмакратычна, калі ў нас не будзе ніякіх сумненняў у тым, што гэта сапраўды правільныя вынікі галасавання. Але для гэтага патрэбен цалкам празрысты працэс. Для гэтага патрэбен доступ назіральнікаў да працэсу падліку галасоў. Уся беларуская грамадскасць павінна быць абсалютна ўпэўненая ў тым, што выбары прайшлі нармальна, празрыста. І калі ні ў каго з беларускай грамадскасці ў гэтым сумневаў не будзе і ён набярэ неабходную колькасць галасоў, натуральна, так”.

Паводле слоў прэтэндэнта, у яго ёсць праграма дзеянняў пасля 9 жніўня, на якое прызначаныя выбары. „Натуральна, што мы пасля або ў працэсе агітацыйнай кампаніі зможам убачыць пазіцыі тых ці іншых кандыдатаў, у тым ліку альтэрнатыўных, і калі будзе другі тур, дзе пройдзе нейкі з альтэрнатыўных кандыдатаў, і калі гэта буду не я, то я, безумоўна, буду блакавацца з тым чалавекам, чые погляды мне будуць найбольш блізкія”, — сказаў Цапкала.

„Гэта, вядома, не будзе Лукашэнка, калі ён раптам пройдзе ў другі тур, — падкрэсліў прэтэндэнт. — Таму што як мы бачым, тыя падыходы і тыя інструменты кіравання дзяржавай і эканомікай, якія ён выкарыстоўвае, яны з’яўляюцца абсалютна непрымальныя. Людзі іх не хочуць больш бачыць. І таму блакаванне з гэтым кандыдатам наўрад ці магчымае”.

На просьбу ацаніць гатоўнасць да „майдана” і яго верагоднасць Цапкала заявіў: „Я лічу, што ў нас ёсць вельмі шмат іншых спосабаў не звяртацца да таго, што адбылося на Украіне. Гэта першае. Другое: я лічу, наогул неправамерна сітуацыю ў Беларусі параўноўваць з тым, што адбывалася ва Украіне, таму што там гэта адбывалася не ў рамках перадвыбарных працэсаў або не ў рамках прэзідэнцкіх выбараў… У нас жа ідзе зараз перадвыбарная кампанія ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам, і народ менавіта дэмакратычным шляхам павінен выбраць сабе новае кіраўніцтва і рухацца новым курсам”.

belapan.by