Лукашэнку просяць ануляваць візу кіраўніку латышскай дэлегацыі
Прарасейскія актывісты ў Латвіі накіравалі Аляксандру Лукашэнку ліст з просьбай ануляваць візу ў Беларусь дэпутату Эдвінсу Шнорэ — кіраўніку дэлегацыі латышскага парламента на сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ), якая адбудзецца 5—9 ліпеня ў Менску.
Фатаграфію ліста размясціў у „Фэйсбуку” актывіст Уладзімір Ліндэрман. Шнорэ абвінавачваюць у нацызме. Нагодай стала наступнае выказванне дэпутата ў СМІ: „Як у свой час сказаў міністр грамадскіх спраў Алфрэдс Берзіньш, калі аднойчы запусціш рускую вош у футра, то выняць яе адтуль будзе цяжка. І сапраўды мы бачым, што рускамоўныя, якія прыбылі падчас СССР, хоць пастаянна і лаюць Латвію, але пры гэтым не з’язджаюць. Ва ўсякім выпадку, не ў тым аб’ёме, як латышы гэтага хочуць”.
Актывісты просяць Лукашэнку забараніць Шнорэ ўезд на тэрыторыю Беларусі, каб „нагі гэтага гнюса не было на зямлі Беларусі, якая пацярпела ад злачынстваў нацызму”.
Адзначым, парламенцкая дэлегацыя Беларусі наведала 8—9 чэрвеня Латвію і падчас візіту сустрэлася ў тым ліку са Шнорэ. Беларускія парламентарыі, у прыватнасці, выказалі ўдзячнасць латвійскаму боку за падтрымку беларускага праекта рэзалюцыі „Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з’яўленне новых псіхаактыўных рэчываў”.