Лукашэнку запрасілі ў Польшчу на ўгодкі пачатку ІІ Сусветнай вайны
Улады Польшчы запрасілі Аляксандра Лукашэнку прыняць удзел у памятных мерапрыемствах з нагоды 80-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны, паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант у аўторак, 23 ліпеня.
«Пакуль пытанне знаходзіцца ў стадыі разгляду», – прыводзіць яе словы «РИА Новости».
Пра запрашэнне Лукашэнкі на ўрачыстасць стала вядома яшчэ вясной. Цяпер гэта пацвердзіла і прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Сярод запрошаных – кіраўнікі краін НАТА, Еўразвяза, Усходняга партнёрства, у прыватнасці канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у Варшаву не запрошаны. Віцэ-прэм’ер Польшчы Яцэк Сасін патлумачыў: «Было б недарэчна адзначаць гадавіну ўзброенай агрэсіі супраць Польшчы з удзелам лідара, які сёння дзейнічае такім чынам у адносінах да суседа».
Фота: AFP/Scanpix/LETA
