Ля Камароўскага рынка прайшлі выбарчыя пікеты (абноўлена)
Прыкладна а 15 гадзіне людзей каля Камароўскага рынку стала менш. 14 чэрвеня – гэта апошняя нядзеля традыцыйных масавых пікетаў каля Камароўкі, бо 19 чэрвеня сканчаецца збор подпісаў.
***
Людзі стаяць у чарзе, каб паставіць свой подпіс. Хтосьці спявае знакамітую песню Цоя «Перемен требуют наши сердца»
***
Людзі даюць інтэрв’ю на стрымах. Адна з жанчын кажа: «Выбары былі нелегітымнымі з 1994 года. І гэта павінны ведаць усе».
***
Працягваюцца пікеты па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Яны традыцыйна ў нядзелю выстаўленыя на пляцоўцы каля Камароўскага рынку ў Менску. Людзей значна менш, чым у папярэднія дні. Але супрацоўнікі органаў, апранутыя ў цывільнае, пільна сочаць за тым, што тут адбываецца.
Беларускае Радыё Рацыя
***
14 чэрвеня ў Беларусі працягваецца збор подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі. Да канца збору подпісаў засталося менш за тыдзень.
Свабода вядзе жывую трансляцыю з Камароўскага рынка ў Менску, дзе праходзяць пікеты па зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду.
14 чэрвеня ля Камароўскага рынку стаяць некалькі намётаў ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў: Сяргея Чэрачня, Валера Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Андрэя Дзмітрыева, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова і Юрася Губарэвіча. Чэргаў ля намётаў сёння не відаць, але перыядычна людзі падыходзяць і ставяць свае подпісы.
Нягледзячы на нешматлюднасць сённяшніх пікетаў, на пад’ездзе да Камароўкі дзяжураць экіпажы ДАІ, за пікетамі назіраюць праваахоўнікі ў цывільным, здымаюць прысутных на камеры.
Ініцыятыўная група патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай збіраць подпісы ў Менску больш не будзе: 11 чэрвеня Ціханоўская абвясціла аб прыпыненні збору подпісаў на пікетах у Менску і абласных цэнтрах да канца тыдня. Прычынай стала небяспека правакацый. У іншых гарадах збор подпісаў працягваецца. Муж Святланы Ціханоўскай блогер Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў карцары ў следчым ізалятары № 1, яго будуць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзідэнцкіх выбараў.
Раней на подступах да Камароўкі людзі выстрайваліся ў кіламетровыя чэргі, каб аддаць голас за Ціханоўскую і іншых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.
Збор подпісаў будзе працягвацца да 19 чэрвеня. Цяпер патэнцыйных кандыдатаў 14, у іх ліку Аляксандр Лукашэнка. Некаторыя з прэтэндэнтаў заяўлялі, што выкарыстоўваюць гэты этап толькі для агітацыі, але не маюць мэты трапіць у бюлетэні.