Лябедзька: Людзі, будзьце пільнымі!



Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей назваў перашкоды для інтэграцыі з Расеяй. Як заявіў ён у інтэрв’ю агенцтву РБК, гэта падатковы манеўр і моманты, звязаныя з цэнамі на газ і нафту. Але на яго думку, да снежня калі плануецца падпісаць новыя расейска-беларускія пагадненні, застаецца магчымасць для ўрэгулявання гэтых праблем. Пры гэтым Макей запэўніў, што праграма паглыбленай інтэграцыі не нясе ніякай пагрозы для незалежнасці Беларусі.

З чым катэгарычна не згодны дырэктар Цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька:

– Відавочны факт, што праблема транзіту існуе для Пуціна. Самы такі шыкоўны варыянт быў бы, канешне, увайсці ў гісторыю як збіральнік зямель вакол Крамля з далучэннем Беларусі. І сам Макей пацвердзіў, што падчас перамоў там гучалі непрымальныя для беларускага боку прапановы. Калі яны гучалі, то гэта значыць, што яны ёсць у галовах крамлёўскіх палітыкаў. Рызыка пагрозы паглынання Беларусі Расейскай Федэрацыяй  існуе, і гэта азначае, што мы можам сказаць: людзі, будзьце пільнымі!

У сваю чаргу намеснік старшыні «Справядлівага свету», партыі беларускіх левых, якая выступае за інтэграцыю з Расеяй, Валерый Ухналёў не бачыць ніякай пагрозы беларускаму суверэнітэту і спасылаецца на пагадненні ў рамках дамовы аб Саюзнай дзяржаве:

– Калі гэта ўсё ў межах саюзнай дамовы, то выцякае, што магчыма сітуацыя, звязаная з карпарацыяй Беларусі, уважоджання Беларусі ў Расею і гэтак далей. Гэтага нічога там няма, там дакладна прапісана, што Беларусь і Расея самастойныя дзяржавы, у іх самастойная палітыка. Валюта, можа быць, але ў Еўропе агульная валюта – еўра. І для ўсяго Еўразвязу ніякіх праблемаў няма. Гэта не значыць, што страцілі самастойнасць Францыя, Германія ці Літва. Таму мы тут не бачым праблем.

Пытанне аб інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы актыўна абмяркоўваецца з сакавіка. У пачатку жніўня кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду паскорыць узгадненне з Масквой праграмы па інтэграцыі. Прынцыповыя рознагалоссі, якія былі ў краін па пытаннях супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, знятыя, а дамоўленасці дасягнутыя, паведамляў міністр эканамічнага развіцця Расеі Максім Арэшкін. А ў верасні прэмʼеры дзвюх краін Дзмітрый Мядзведзеў і Сяргей Румас парафіравалі праект «Праграмы дзеянняў Беларусі і Расеі па рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя