Лябедзька: Не можа быць міратоворцам той, хто не паважае правы сваіх грамадзянаў



У Нью-Ёрку генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў, што высока ацэньвае ролю Беларусі ў урэгуляванні ўкраінскага збройнага канфлікту.

У размове з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, Пан Гі Мун адзначыў разумную палітыку Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах да сітуацыі ва Украіне, паведамляе дзяржаўнае агенцва БелТА.

Старшыня Аб“яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што ролю Лукашэнкі ў міратворчых перамовах у Менску вельмі перабольшваюць.

 – З ворана, у якога акрываўленая дзюба, зрабіць голуба з аліўкавай галінкай вельмі складана. А пакуль што Менск выглядае проста як месца, дзе збіраюцца прадстаўнікі розных бакоў і спрабуюць вырашыць насамрэч надзённыя і актуальныя пытанні. Але нейкую палітычную ролю, ролю міратвораца я бы не перабольшваў. Не можа быць міратоворцам на міжнароднай арэне той, хто не паважае правы сваіх грамадзянаў.

У сваю чаргу Міхаіл Мясніковіч у размове з Пан Гімунам падкрэсліў, што дыялог у Менску пераламаў сітуацыю і накіраваў яе ў мірнае рэчышча. Мясніковіч адзначыў ролю ААН ва урэгуляванні канфліктаў і распавёў, што грамадзяне Беларусі таксама аказваюць пасільную дапамогу перасяленцам з Украіны.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя