Лябедзька: Нельга губляць кантакт з выбаршчыкамі



Падрыхтоўку да мясцовай кампаніі пачынаюць сябры берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яны пойдуць да канца на выбарах і не будуць байкатаваць мясцовыя саветы.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што важна не губляць кантакт з выбаршчыкамі:

– Частка актывістаў так разважае, што мы ўжо стаміліся, колькі можна хадзіць? Улада застаецца за зачыненымі дзвярыма. Навошта грукацца ў гэтыя дзверы? Наш падыход – гэта праца, цяжкая праца. Але калі мы не ўдзельнічаем, то мы ляжым на канапе, і іншай альтэрнатывы няма. Берасце – цікавы горад. Падаецца, што тут шмат людзей – носьбітаў еўрапейскіх каштоўнасцяў. І таму вельмі важна мець тут наша прадстаўніцтва.

Як падкрэсліў Анатоль Лябедзька, не выключана, што частка кандыдатаў пройдзе ў мясцовыя саветы. Сёлета прадстаўнікі ўлады могуць пайсці на невялікія крокі да дэмакратыі ў сувязі з цяжкім эканамічным станам краіны.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце