Лябедзька падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька перадаў у Цэнтрвыбаркам дакументы для рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы. У яе склад уваходзіць крыху больш 1000 чалавек.
Па меркаванню палітыка, гэта колькасць людзей дастатковая, каб сабраць 100 тысяч подпісаў, якія неабходны для яго рэгістрацыі кандыдатам у прзідэнты:
– Баявая тысяча, таму што трэба прыняць да ўвагі, што гэта валанцёры. Я лічу, што працаздольнасць валанцёра перавышае працаздольнасць таго, хто працуе за грошы. Шмат новых людзей, якія прыйшлі, у іх яшчэ блішчаць вочы, у адрозненне ад тых, хто ўжо даўно ў палітыцы. Мы не шорт-лісце на рэгістрацыю. Мы найбольш непрымальныя для ўладаў, мы для іх некамфортныя. Таму, канечне, у іх ёсць вялікая спакуса нас выключыць.
Па словах Анатоля Лябедзькі, падчас паездак па краіне і сустрэч з грамадзянамі ён упэўніўся, што да перадвыбарчай праграмы Аб’яднанай грамадзянскай партыі „Мільён новых працоўных месцаў” ёсць вялікая цікавасць. І ўвогуле, сітуацыя ў краіне спрыяльная для пераменаў.
Але яны могуць адбыцца толькі пры свабодных і сумленных выбарах і вялікай актыўнасці выбаршчыкаў.
„Людзі хочуць пераменаў, але спадзяюцца, што нехта за іх зробіць гэта. Мы ж прапануем грамадзянам змагацца за змены да лепшага разам”, – скзаў Анатоль Лябедзька.
Генадзь Барбарыч Беларускае Радыё Рацыя