Ці абароніць Канстытуцыйны суд правы грамадзян?
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і яго намесніца Антаніна Кавалёва сустрэліся са старшынёй Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам. Яму перададзена заява, у якой аргументуецца неканстытуцыйнасць дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
«Наша заява — гэта рэфлексія на вельмі балючае для людзей пытанне», — падкрэсліў Анатоль Лябедзька:
— Наша заява — гэта аргументы, чаму гэты дэкрэт трэба адмяніць, аргументы, чаму Канстытуцыйны суд мусіць узяць гэтую справу да разгляду, а не заставацца на ўзбочыне. Міклашэвіч сам узгадаў, што змены, якія былі ўнесеныя ўвосень у закон аб судах, даюць магчымасць Канстытуцыйнаму суду пры наяўнасці калізіі паміж заканадаўчымі актамі, паміж падзаконнымі актамі і Канстытуцыяй умешвацца, вырашаць гэтыя супярэчнасці. Гэта сказаў сам Міклашэвіч. На гэтым жа будуецца наша заява, бо на зараз ёсць прававыя падставы і ёсць магчымасць Канстытуцыйнаму суду прыняць гэтую справу да вытворчасці і прыняць рашэнне. Гэта быў бы ідэальны варыянт. Мы шмат гаварылі, што гэта экзамен для суда, гэта іміджавае пытанне. І тут спасылка на тое, што такое права ёсць толькі ў Аляксандра Лукашэнкі, у Нацыянальнага Сходу, у ўрада, — не працуе.
Антаніна Кавалёва: Мы выклалі свае аргументы ў заяве, што гэтым дэкрэтам парушаюцца Канстытуцыя Беларусі, парушаюцца нормы міжнароднага права, дзве канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Усё гэта мы напісалі, і як мне здаецца, добра аргументавалі. А што тычыцца прамовы Пятра Міклашэвіча падчас сустрэчы з намі, то я яе расцэньваю, як выступ дзяржаўнага чыноўніка ў інтарэсах дзяржавы. Я нават у адным месцы яго перарвала і сказала: «Прабачце, але не задача Канстытуцыйнага суда аргументаваць, чаму дзяржава пайшла на гэты крок, чаму людзі павінны плаціць гэтыя грошы, чаму ўводзіцца гэты падатак. Ён жа сам пачаў размову з таго, што цытаваў першы артыкул Канстытуцыі, які і мы працытавалі напачатку сваёй заявы, што Беларусь — сацыяльная дзяржава і што чалавек, яго правы і свабоды — гэта вышэйшыя каштоўнасці. Я не пачула прамовы суддзі Канстытуцыйнага суда. Я пачула прамову дзяржаўнага чыноўніка. Ён яшчэ ў дадатак расейскага рэжысёра Канчалоўскага прыгадаў, які быццам бы зараз ужо схіляецца да таго, што ў Расеі заходнія каштоўнасці непрымальныя, што найперш павінны быць абавязкі, а потым правы. Цяжка было ўклініцца ў гэты маналог і не было магчымасці адразу адрэагаваць: «Што ж Вы кажаце? Па-першае, мы ж не Расея, пачнём з таго. А потым, ну як можа суддзя, юрыст наогул такія аргументы прыводзіць? Можа, ён думаў, што будзе выглядаць, як чалавек свабодных меркаванняў, свабодных поглядаў. Але выглядала гэта ўсё, на мой погляд, непрымальна. Гэта не была прамова, не быў адказ суддзі і юрыста.
Анатоль Лябедзька: Адсоткаў на 90 выступ Міклашэвіча быў, я б сказаў, выступам намесніка старшыні Канстытуцыйнага суду па ідэалогіі. Такое ўражанне, што ён адвакат і Дэкрэта №3 і дзяржаўнай сістэмы. А вось прававога ў яго выступе было няшмат. І я думаю, што няшмат прававой часткі было таму, што як раз аргументаваная абарона права, закона — гэта моцны бок нашай заявы.
Мы сказалі, што ведаем і пра пасланне, якое рыхтуе Канстытуцыйны суд, і пра практыку, калі зараз грамадзяне звяртаюцца ў Канстытуцыйны суд, у Нацыянальны сход, пішуць Лукашэнку, каб свае канстытуцыйныя правы абараніць. А рэфлексіі ў адказ ніякай, практычна нулявая. Міклашэвіч узгадаў толькі адзін выпадак, калі Палата Прадстаўнікоў па нейкім дробным пытанні зрабіла рэфлексію. Што гэта азначае? Ёсць Канстытуцыя, ёсць Канстытуцыйны суд. Але ніхто не можа абараніць канстытуцыйныя правы грамадзян.
Хочацца спадзявацца, што станоўчым вынікам сустрэчы было б, каб Канстытуцыйны суд прыняў да разгляду справу аб адпаведнасці Дэкрэта №3 Канстытуцыі. Другі пажаданы вынік, калі Міклашэвіч, ці прэсавая служба суда заявіць, што такая праблема ёсць і яны чакаюць ад таго ж Нацыянальнага сходу, ад урада, што яны звернуцца ў Кастытуцыйны суд з прапановай вырашыць гэтую прававую калізію. Трэці варыянт, што Міклашэвіч не зробіць нічога, як чыноўнік, як ідэолаг, як адвакат гэтай сістэмы.
Антаніна Кавалёва: Я не маю ніякага аптымізму адносна таго, якім будзе рашэнне Канстытуцыйнага суда. На мой погляд, вельмі нізкая верагоднасць таго, што будзе заведзеная справа.
Па словах Антаніны Кавалёвай, яна больш спадзяецца на салідарнасць грамадзянаў, якія масава ставяць подпісы, аб’ядноўваюцца, выходзяць на акцыі пратэсту. Толькі гэта можа прымусіць адмяніць гэты неправавы і несправядлівы дэкрэт, — падкрэсліла яна.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ucpb.org