Лябедзька, Рымашэўскі і Губарэвіч – на волі



Дзясяткі паплечнікаў і журналістаў сустрэлі ў Маладэчне лідараў апазіцыйных партый. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і старшыня Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч выйшлі на волю пасля 15 сутак арышту, які яны адбывалі за ўдзел у “Маршы недармаедаў” 10 сакавіка ў Маладэчне.

Па словах Юрася Губарэвіча, пераслед удзельнікаў Маладэчанскай акцыі дагэтуль працягваецца:

– Разам з намі затрымалі 15 чалавек. Пасля яны склалі арыенціроўкі яшчэ прыкладна на 50 чалавек па фотаздымках, і зараз працягваецца пераслед удзельнікаў той акцыі. Іх караюць штрафамі ці арыштамі.

Сустаршыня стваранай партыі БХД Віталь Рымашэўскі:

– Сёння ўлады Беларусі пачалі вайну ўжо не супраць апазіцыі, а супраць беларускага народа. Я б параіў ім хутчэй спыніцца і не гуляць нашым спецслужбам на фобіях Аляксандра Лукашэнкі. Не спрабаваць паўтарыць 2010 год.

З пачатку сакавіка у Беларусі былі затрыманыя больш за 300 чалавек, дакладная лічба сённяшніх затрыманых у Менску і рэгіёнах дагэтуль невядомая, паводле журналістаў і праваабаронцаў, лічба затрыманых сёння можа сягаць 1000 чалавек.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org