Лябедзька: Вырашыць праблемы можна, калі ўсе аб’яднаюцца (абноўлена)



АГП адклікала заяўку на правядзенне ў беларускай сталіцы «Сацыяльнага маршу за годнае жыццё» 14 сакавіка. Пры гэтым час і месца збору, а таксама маршрут шэсця цалкам супадалі з часам і месцам правядзення Маршу прадпрымальнікаў, які таксама ў гэты дзень збіраліся праводзіць палітык Мікалай Статкевіч і лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка.

Раней Анатоль Лябедзька тлумачыў намер правесці ініцыяваную ім акцыю адначасова з акцыяй прадпрымальнікаў – неабходнасцю кансалідацыі грамадства, хаця Мікалай Статкевіч і Анатоль Шумчанка такі пасыл лідара АГП раскрытыкавалі.

Як вядома, улады Менску не далі дазвол на “Марш прадпрымальнікаў”, у тым ліку з-за пададзенай другой заяўкі.

* * *

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пракаментаваў выклікі ў суд за мітынг прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы 22 лютага. Анатоля Лябедзьку, як і актывістаў Аляксандра Абрамовіча і Максіма Вінярскага выклікаюць у суд Цэнтральнага раёна Менска на 9 сакавіка. Палітык запрашэнне ў суд таксама атрымаў праз СМС.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька: Зараз такі фармат стасункаў з праваахоўнымі органамі, судовымі інстанцыямі, так я атрымаў СМС-запрашэнне у суд Цэнтральнага раёна горада Менска.

РР: Што будзеце рабіць? І ўвогуле ці лічылі вы колькі апошнім часам было судовых працэсаў, чым яны завяршаюцца?

Анатоль Лябедзька: З аднаго боку не статыстыку, не бухгалтэрыю, але разам з тым прыходжу на ўсе судовыя пасяджэнні, лічу гэта важным і істотным. Не трэба рабіць лёгкай брудную справу суддзям, сведкам працаўнікоў праваахоўных органаў, так што тут нічога не будзе новага. Я пастараюся быць, праўда не вельмі зручны дзень, магчыма перанясу на наступны тыдзень. Думаю, што гэта не апошняя позва ў суд.

РР: Чым будзеце абараняцца на гэтым судовым працэсе? Бо я так разумею, што абвінавачванне таксама традыцыйнае – гэта парушэнне парадку арганізацыі або правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Анатоль Лябедзька: Так, усё дастаткова прадказальна. Я на двух папярэдніх працэсах як раз гаварыў, звяртаючыся да так званага суддзі, прычым я падкрэсліваю, што ён для мяне не з’яўляецца суддзёй і спасылаўся на міжнародныя дакументы. Разам з тым я гаварыў, што ў вас ужо ёсць падрыхтаваны праект рашэння, вы можаце яго зараз зачытаць і там 50 базавых, ну напрыканцы так і атрымалася. Так я рабіў двойчы і двойчы ўгадваў, адкрыў у сабе талент прадказальніка. З аднаго боку – гэта ўсё прадказальна, але разам з тым яшчэ раз падкрэсліваю, што саспеў час, калі знік так званы “Брусельскі спіс”, нам трэба ствараць свой беларускі. Я б вельмі вітаў такую ініцыятыву, даю проста як ідэю, бо наўрад ці палітыкі мусяць гэтым займацца, каб у Беларусі быў створаны адмысловы сайт, дзе можна было б паглядзець фотаздымкі, прозвішчы суддзяў, “інтэлектуалаў” з АМАПу, якія выступаюць сведкамі, міліцыянтаў. Бо нічога ў краіне не змянілася, тыя самыя брудныя, або палітычныя працэсы, а вось якім чынам паказаць грамадству, хто гэтыя людзі і што яны робяць, было б на мой погляд карысна. Калі б нехта з іх дзяцей зайшоў на такі сайт і спытаў тату альбо маму: “Чаму ты там і навошта ты гэта рабіў?”, то хоць у гэтым будзе нейкая карысць.

РР: Вы таксама заклікаеце прадпрымальнікаў на акцыю праэсту 14 сакавіка – гэта будзе “Сацыяльны марш за годнае жыццё”, вы падавалі заяўку у Менгарвыканкам. Ці ёсць ужо нейкія навіны адносна гэтай заяўкі?

Анатоль Лябедзька: Учора мы абмянялі нашу заяўку – адазвалі тую заяўку, а падалі супольную на Дзень Волі. Зараз інфармацыйную кампанію раскручваем менавіта на 25 сакавіка. Наша заяўка была ў толькі ў звязку з тым, каб нарасціць, як кажуць, косці прадпрымальнікаў, каб далучыць да яго іншыя сацыяльныя групы, студэнтаў, хатніх гаспадынь, айцішнікаў, лекараў і г.д. Атрымалася не лепшым чынам, гэта неяк па-іншаму ўспрынялі заяўнікі Шумчанка і Статкевіч, таму мы проста вырашылі з гэтага фармату сысці, але мы не адклікаем сваёй заяўкі на тое, каб зараз прыкладаць намаганні і ладзіць супольныя акцыі, бо акцыі асобна хатнія гаспадыні, асобна пенсіянеры, асобна прадпрымальнікі – гэта як раз на руку ўладам. Яны не будуць масавымі, а дробныя акцыі ўлада неяк перажыве.

РР: То бок акцыя 14 сакавіка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі не будзе?

Анатоль Лябедзька: Не будзе, яна не задумвалася, як нейкая асобная акцыя. Падкрэсліваю, што гэта як дадатак да таго, каб далучыць прадпрымальнікаў, бо я сам быў удзельнікам апошніх акцый з удзелам прадпрымальнікаў, калі на першай было 1000 чалавек, потым 500, на апошнюю прыйшло 400. Гэта сведчыць пра тое, што час не працуе на тое, каб гэтыя акцыі разгортваліся. Гэта не толькі тут, але і ў рэгіёнах, у Гародні, я нагадаю, прыйшло недзе 20 чалавек, таму вось у гэтым была як раз задумка. Можа тут ёсць і наша віна, мы зрабілі не вельмі ўдала, можа трэба было раіцца напачатку з заяўнікамі Статкевічам і Шумчанкам, але ім трэба было б параіцца з прадпрымальнікамі, якія ў гэты час стаялі на пляцы.

РР: Чаму няма нейкай магчымасці аб’яднацца і разам выйсці?

Анатоль Лябедзька: Я думаю, што тут не пытанне нейкіх амбіцый, а гэта ўсё ж такі розныя стратэгіі. На сённяшні дзень частка прадпрымальнікаў на чале з Шумчанкам гавораць: „Ніякай палітыкі, мы будзем вырашаць толькі свае карпаратыўныя інтарэсы”. Вырашыць гэтыя пытанні, у тым ліку і прадпрымальнікаў, можна толькі тады, калі ўсе аб’яднаюцца і мы будзем ставіць пытанні не толькі адмены 222 указа, а менавіта змены эканамічнага курса, структурныя рэформы – вось гэта ёсць вырашэнне праблемы. Тое, што прапаноўвае Шумчанка, на мой погляд, альбо на нейкі час вырашыць сваю праблему, сваё пытанне, пасля чаго давядзецца чакаць новага 223 ці 224 указа. Я думаю тут патрэбна, каб была як раз публічная дыскусія, нам трэба пераконваць прадпрымальнікаў, што лепш адна калона ў якой яны і айцішнікі, рабочыя і студэнты, пенсіянеры, чым крыху прадпрымальнікаў, крыху пенсіянераў, крыху студэнтаў і ўсе асобна.

РР: 25 сакавіка – гэта Дзень Волі, дзе таксама прагучыць тэма прадпрымальнікаў. Ці ёсць нейкія гарантыі, што 25 збярэцца вялікая колькасць людзей?

Анатоль Лябедзька: На гэта трэба папрацаваць, мы ўчора са сваімі калегамі-паплечнікамі па Аб’яднанай грамадзянскай партыі наведвалі два гандлёвыя цэнтры ў Менску, раздалі больш за 400 улётак з “Платформай-11”. Гэта прапановы, якія выпрацаваныя намі супольна з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, як вырашаць іх праблему, і там ёсць запрашэнне на Дзень Волі. Я асабіста, тое што раздаваў, толькі адзін чалавек адмовіўся браць гэтую інфармацыю, а ўсе астатнія як мінімум бралі – гэта азначае, што людзі прачытаюць пра Дзень Волі, пра нашы прапановы, што трэба рабіць у эканоміцы. Я спадзяюся, што нехта адгукнецца на гэтыя запрашэнні, толькі трэба рабіць гэта не час ад часу, застаўся яшчэ 21 дзень, трэба папрацаваць на гэта.

10 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Менска разгледзяць справу актывіста Леаніда Кулакова. На актывістаў склалі пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Копіі такіх самых пратаколаў атрымалі Павел Севярынец і Ніна Багінская. Калі пройдуць суды над імі, пакуль невядома.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя