У Анатоля Лябедзькі хацелі праверыць, “як захоўваецца зброя”



На кватэру да старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Анатоля Лябедзькі, 10 траўня прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў, каб праверыць, “як захоўваецца зброя”.

 – У мяне, акрамя набора для кухні, няма ніякай зброі. Але тым не менш, 10 траўня адразу пасля абеду завіталі два міліцыянты з АБЭПу і некалькі разоў сказалі, што канкрэтна іх цікавіць, што хочуць паглядзець сейф, як я захоўваю зброю. Ніякай зброі няма, і пра гэта добра ведаюць усе сілавыя структуры. І я так да канца не зразумеў: ці гэта пачатак выбарчай кампаніі. Ці то гэта нейкі прыклад палітычнай шызафрэніі, з якой мы сутыкаемся на працягу ўсяго часу. 

Раней у ноч на 9 траўня памежнікі зрабілі агляд Анатоля Лябедзькі, які на аўтамабілі вяртаўся з Вільні.

Памежнікі забралі яго кнігі «108 дзён і начэй у засценках КДБ», якія будуць правяраць наконт таго, „ці падрываюць яны канстытуцыйны лад краіны”.

***

Палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыняла канчатковае рашэнне аб удзеле ў кампаніі па выбарах прэзідэнта. Кандыдатам ад партыі на з’ездзе, які прайшоў у мінулым годзе, быў вылучаны яе старшыня Анатоль Лябедзька.

Па яго словах, рашэнне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі прынята  ў вельмі неспрыяльных і недэмакратычных умовах. Але на гэты выбар сябры партыі пайшлі асэнсавана, маючы праграму дзеянняў:

– Мы маем палітычную волю зрабіць усё неабходнае, каб не дапусціць легітымізацыі вынікаў выбарчай прэзідэнцкай кампаніі без свабодных сумленных выбараў. Мы маем волю рабіць усё неабходнае, каб не здаваць надалей суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. І мы маем шанец выйсці на фармаванне шырокага руху за перамены, істотна павялічыўшы колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу.

Як сказаў Анатоль Лябедзька, першапачатковай задачай зараз з’яўляецца фармаванне ініцыятыўнай групы. Працаваць ёй прыдзецца ва ўмовах вельмі абмежаванага фінансавання, фактычна на дабраахвотных прынцыпах. Рэсурсы і грошы на кампаню партыя спадзяецца адшукаць, звярнуўшыся да грамадязнаў краіны. „Я думаю, што ў нас вельмі багата людзей, якія зацікаўлены ў пераменах. На іх падтрымку мы і разлічваем,” – сказаў Анатоль Лябедзька.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info