„Лятаючы тэрор”
Год і тры месяцы прэзідэнт Украіны Зяленскі кожны вечар выступае са зваротам да свайго народа. Але адзін раз ён звярнуўся да іншага народа – краіны, якая пастаўляе Расеі зброю тэрарыстаў. І пакуль на Кіеў ляцяць «Шахеды», забіваючы спячых мірных жыхароў, такія ж спячыя мірныя жыхары той, іншай, краіны, магчыма, не падазраюць аб страшных наступствах начных палётаў іх дронаў-камікадзэ.
Зяленскі запытаўся: калі іранскі «Шахед» забівае цяжарную ўкраінскую жанчыну разам з яе мужам у іх доме, навошта гэта маці і бацькам у Іране; калі іранскі дрон трапляе ў студэнцкі інтэрнат, гінуць людзі, пачынаецца пажар, на месца прыбываюць ратавальнікі, а праз некалькі хвілін прылятае другі дрон і ўжо забірае жыцці тых, хто ратуе жыцці іншых. Навошта Ірану гэтыя цынічныя забойствы? У такім выпадку Іран – саўдзельнік ваенных злачынстваў РФ. Бо ў цывілізаванай дзяржаве нармальныя людзі павінны быць на іншым баку гісторыі, не са злом.
Рукамі Расеі, але іранскай зброяй, каля 1160 «Шахедаў» ляцелі забіваць украінцаў, каля 900 з іх збілі ўкраінскія воіны. Астатнія дасягнулі мэты. Тэрор дронамі пачаўся ўвосень мінулага года. Пераважна ўначы. У народзе іх
называюць „мапедамі” з-за характэрнага гуку. Калі ва Украіне дзейнічае каменданцкая гадзіна, на вуліцах поўная цішыня – за межамі будынкаў замірае жыццё. Таму палёт мапеда чутны нават пры зачыненых вокнах. Хтосьці засынае, не звяртаючы ўвагі на выццё сірэны, а хтосьці з надзеяй чакае вестак аб тым, што сорак з сарака дронаў-камікадзэ гэтай ноччу былі знішчаны ўкраінскімі абаронцамі.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя