Лявон Баршчэўскі: Ад каго мы збіраемся бараніцца?



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Лявон Баршчэўскі яшчэ раз нагадвае пра небяспеку размяшчэння ў Беларусі расейскай авіяцыйнай базы.

tarantino-by-16_zjezd_sbp-2357-800x400Падчас акцыі 23 верасня палітыкі распавядалі і пра расейскія авіяцыйныя базы, якія павінны з’явіцца ў Беларусі. Уладзімір Някляеў запрасіў прысутных прыйсці 4 кастрычніка на плошчу Свабоды на акцыю супраць размяшчэння гэтых баз.

Лявон Баршчэўскі: Я лічу, што размяшчэнне расейскай авіяцыйнай базы ў Беларусі – гэта наогул парушэнне Канстытуцыі, дзе выразна запісана, што краіна імкнецца стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай. Тыя, хто ў Маскве прымаюць такое рашэнне, павінны чытаць беларускі Асноўны закон. І павінны разумець, што знаходжанне іх базы на тэрыторыі іншай краіны – супрацьзаконна.

РР: Аднак жа Беларусь уваходзіць у Дамову аб калектыўнай бяспецы…

Лявон Баршчэўскі: У свой час яна незаконна ўвайшла туды, таму з часам павінна была б адтуль выйсці. Іншая справа, што сённяшняя ўлада настолькі залежыць ад Крамля, што гэтага чакаць не даводзіцца.

РР: Якія, на ваш погляд, асноўныя пагрозы для краіны нясуць для Беларусі расейскія авіяцыйныя базы?

Лявон Баршчэўскі: Пагрозы відавочныя – не дай Бог што здарыцца, Беларусь прыме на сябе першы ўдар.

РР: Але ж некаторыя кажуць, што гэтыя базы менавіта для абароны краіны. Што б вы ім адказалі?

Лявон Баршчэўскі: Ад каго мы збіраемся бараніцца? Няма ў суседніх краін наступальнай дактрыны ў адносінах да Беларусі.

РР: Ваш прагноз: расейскія базы ў Беларусі будуць?

Лявон Баршчэўскі: Пры гэтай уладзе – так. Іншая справа, што могуць завуаліраваць форму, крыху змяніць пагадненне. Але па факту база будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  budzma.org