Лявон Баршчэўскі: Аддзяленне Палесся – гэта глупства…



Днямі былы прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч даў вялікае інтэрв’ю тэлеканалу БТ. Адна з тэмаў, узнятых падчас гутаркі, датычылася дзейнасці Беларускага народнага фронту на пачатку 1990-ых, паведамляе nn.by.

Лявон Баршчэўскі

«Я ганаруся, што не даў разваліць дзяржаву нацыяналістам», — паўтарыў свае ранейшыя словы Кебіч, і ў пацверджанне думкі расказаў пра нібыта зробленыя спробы аддзяліць Палессе.

«Нацыяналізм у нас таксама ўзняў галаву. Давайце ўзгадаем, як Беларускі народны фронт у асобе некаторых кіраўнікоў ставіў пытанне пра аддзяленне Палесся. Я размаўляў са многімі палешукамі, якія казалі, што да якіх прыязджалі эмісары. Столькі размоваў пра гэта вялі, каб зрабіць Палескую рэспубліку», — заявіў Кебіч.

Лявон Баршчэўскі: Тут, калі каментаваць заяву Кебіча, трэба рабіць папраўку на яго ўзрост, хоць хачу сказаць, што па сваёй прыродзе Вячаслаў Францавіч і сам быў беларускім нацыяналістам. У свой час ён жалезна падтрымаў Станіслава Шушкевіча ў Віскулях. Больш за тое – падтрымліваў і рух Беларусі да незалежнасці. Але не магу несці адказнасць за тое, што з ім здарылася пазней. Мне вельмі шкада, што чалавек на старасці гадоў выказвае думкі, супраць якіх ён быў у ранейшыя гады.

РР: І ўсё ж-такі: ці былі спробы аддзяліць Палессе?

Лявон Баршчэўскі: Ніколі! Нічога такога не было і не магло быць, таму што гэта самае сапраўднае глупства. Мы ніколі не дзялілі нацыю. Наогул лічылі, што палешукі – гэта аснова нацыі. Яны захавалі свае традыцыі ў большай ступені, чым іншыя. Таму сёння не трэба скажаць рэальную сітуацыю, якая была.

РР: Каму гэта сёння патрэбна?

Лявон Баршчэўскі: Думаю, што „русский мир” цісне праз сваіх людзей, якія былі так ці інакш залежныя ад яго. Я лічу Кебіча беларускім палітыкам, які аказаўся занадта слабым, каб супрацьстаяць маскоўскаму націску. Такое маё ўласнае меркаванне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bymedia.net