Лявон Баршчэўскі: Без беларускамоўнай ВНУ школа і мова застануцца ў прыгнечаным стане



19 траўня 1929 года ў Вільні адбыўся нелегальны з’езд Таварыства беларускай школы. Амаль праз стагоддзе Таварыства працягвае сваю дзейнасць у спецыфічных умовах сучаснай Беларусі. Пра далейшы шлях Таварыства беларускай школы і сучасную школу Беларусі пагутарылі з сённяшнім „Госцем Рацыі” філолагам, перакладчыкам, грамадскім дзеячам Лявонам Баршчэўскім.

РР: Якое становішча Таварыства беларускай школы зараз і куды яно рухаецца ў сваім развіцці?

Лявон Баршчэўскі: Рэч у тым, што Таварыства беларускай школы адроджанае і яго ідэя саспела яшчэ ў той кароткі час дэмакратызацыі. Але, на жаль, калі прыйшлі да ажыццяўлення, у адрозненні ад Таварыства беларускай мовы, якое было раней, адраджалі яго ў час Лукашэнкі, і магчымасць дзейнасці стала мізэрнай. Калі б удалося яго адрадзіць у 1992 годзе, яно сыграла б куды большую ролю. Фактычна Таварыства беларускай школы было адроджанае пад кіраўніцтвам Генадзя Пятроўскага, былога намесніка міністра адукацыі, удзельнічалі і дырэктары, прымалі ўдзел яшчэ ў першым паседжанні. Але яго рэальная дзейнасць пачалася ў той час, калі ўсё беларускае падаўлялася, калі беларуская школа знішчалася. Таварыству заставалася толькі весці маніторынг пра тое, колькі знішчылі за чарговы год школ,  прапаноўваць нейкія альтэрнатыўныя канцэпцыі і праграмы, нават падручнікі. Але гэтая ўлада ніколі не ўступала ў ніякі дыялог з Таварыствам беларускай школы. Насуперак Канстытуцыі, насуперак законам, калі грамадскасць удзельнічае ў фарміраванні адукацыйнай палітыкі, улады ігнаравалі на 100 працэнтаў. І на сёння фактычна ніводная прапанова непасрэдна ад Таварыства беларускай школы не была прынятая ўладамі. Бывала, што праз нейкіх пасярэднікаў, выходзілі на нейкіх чыноўнікаў, а яны ўносілі ад свайго імя нейкія прапановы, гэта дзесьці магло прайсці. Але, на жаль, улада цалкам ігнаруе трэці сектар. Ну для вас гэта не навіна.

РР: Ці можна сказаць, што паміж Таварыствам беларускай школы і ўладамі існуе хаця б мінімальны дыялог?

Лявон Баршчэўскі: Фактычна яго няма. Бываюць асобныя чыноўнікі ўдзельнічаюць у дыскусіях, напрыклад, нядаўна быў круглы стол, прысвечаны сусветнаму маніторынгу ведаў, ТБШ арганізавала круглы стол, прыйшло некалькі шараговых чыноўнікаў, у тым ліку з міністэрства адукацыі, нават выступалі, але фактычна на неафіцыйнай аснове, ніякіх абавязкоў на сябе яны не маглі ўзяць, не таго ўзроўню. Яны паслухалі, паскардзіліся. На чалавечым узроўні кантакт ёсць з некім, але вось на афіцыйным яго няма. Міністэрства адукацыі робіць выгляд, што Таварыства беларускай школы не існуе.

РР: Ці ёсць месца для беларускай мовы ў сучаснай адукацыі?

Лявон Баршчэўскі: Няма ўніверсітэтаў, якія працуюць на беларускай мове. Цяпер жа сітуацыя іншая, не 60-ыя і 70-ыя гады, калі 15% школьнікаў ішлі вучыцца ва ўніверсітэты, астатнія ішлі працаваць, у тэхнікумы, вучэльні прафесійныя. Цяпер у нас 80% ідзе ў ВНУ. Калі ў ВНУ няма адукацыі на беларускай мове, які сэнс бацькам дбаць пра тое, каб яны ў школе вучыліся на беларускай мове. Я ў курсе, як б’ецца ўжо тры гады ініцыятыўная група па стварэнні ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча. Да гэтай пары не вырашана пытанне, каб арганізаваць вучэбную дзейнасць, дазволу яны не маюць. Яны зарэгістраваныя як юрыдычная асоба, праводзяць нейкія спадарожныя мерапрыемствы, але на вучэбную дзейнасць ліцэнзіі ім не выдаюць. Шукаюць розных зачэпак. Маўляў, гэтая спецыяльнасць Беларусі не патрэбная. Дык гэта не ваша праблема. Гэта ж прыватная навучальная ўстанова. Яна вызначае, што трэба. А з міністэрства кажуць, гэтая спецыяльнась не патрэбная, значыць вы не маеце права яе адкрываць. Вось на такім узроўні адбываецца дыялог.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота bymedia.net