Лявон Баршчэўскі: Дзяржава замоўчвае гісторыю



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі распавядае пра беларусаў і чарговыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

tarantino-by-16_zjezd_sbp-2357-800x400

Лявон Баршчэўскі: Мяркую, беларусы маюць магчымасць ведаць пра гэтае свята, бо хто хоча, то інфармацыю абавязкова знойдзе. Іншая рэч, што спецыфічная гістарычная палітыка дзяржавы скіравана на замоўчванне гэтай важнейшай даты ў гісторыі. Натуральна, ствараецца сітуацыя, калі дата быццам бы і прызнаецца, але не папулярызуецца. Тое, што за шмат гадоў існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь не знята фільмаў, прысвечаных гэтай даце, калі ўпершыню ў гісторыі была абвешчана дзяржава з назвай Беларусь, гэта абсурд! Я калісьці быў у Славакіі (яшчэ ў пачатку 90-х гадоў), і ў славакаў была праблема, як абгрунтаваць сваю дзяржаўнасць, бо яны не мелі сур’ёзных падстаў для гэтага. І вымушаны былі нават выкарыстоўваць факт існавання марыянетачнай дзяржавы, створанай пры дапамозе фашысцкіх акупантаў. Мусілі гэта прыхоўваць, але ў іх не было іншага апірышча.

РР: У Беларусі ёсць такое апірышча?

Лявон Баршчэўскі: Ёсць і абсалютна легальнае. Як вядома, у свой час група людзей, беларусы, сабраліся ў цэнтры Беларусі – у Менску – і абвясцілі дзяржаву з назвай Беларуская Народная Рэспубліка. Абвясцілі ў вельмі цяжкіх умовах, чаму яна і не ўтрымалася. Фактычна гэтыя людзі заплацілі жыццямі за гэты свой чын. І гэтая дзяржава, якая імкнецца падкрэсліваць, што яна незалежная, як мінімум замоўчвае гісторыю.

РР: Чаму так адбываецца? Гэта ж гістарычныя факты, не болей за тое.

Лявон Баршчэўскі: Думаю, таму што гэтыя факты не падабаюцца Маскве. Маўляў, нейкія беларусы некалі абвясцілі дзяржаўнасць, а ёсць жа вялікая Расея. А ўзамен за замоўчванне гісторыі – нейкія крэдыты ды астатняе. Іншага тлумачэння ў мяне няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя