Лявон Баршчэўскі: Інтэграцыя з Расеяй – вельмі небяспечная рэч



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі разважае, як далёка можа зайсці інтэграцыя паміж Расеяй і Беларуссю.

Як вядома, расейскае выданне “Камерсант” надрукавала праграму эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Маўляў, дзяржавы маюць намер стварыць адзіны Падатковы і Грамадзянскі кодэксы, знешнегандлёвы рэжым, а таксама ўніфікаваць улік уласнасці да 2021 года.

Акрамя таго, краіны плануюць сфармаваць адзіныя сацгарантыі, аб’яднаць банкаўскі нагляд (аднак ён будзе працаваць з двума цэнтрабанкамі), стварыць адзіны рэгулятар рынкаў нафты, газу і электраэнергіі і дзяржрэгуляванне галін.

Адзначаецца, што пры такой высокай ступені інтэграцыі гаворка ідзе аб стварэнні з 2022 года канфедэратыўнай дзяржавы.

Сёння многія задаюцца пытаннем: гэта звычайны інфармацыйны ўкід альбо не? Лявон Баршчэўскі: Я думаю, што дыма без агню не бывае. Магчыма, на афіцыйным узроўні слова “канфедэрацыя” і не гучыць, але тое, што яно гучыць у размовах чыноўнікаў, якія распрацоўваюць план інтэграцыі, напэўна, такое прысутнічае.

У любым выпадку расейскаму кіраўніку Уладзіміру Пуціну патрэбна да 2024 года, калі пройдуць прэзідэнцкія выбары, трэба будзе электарату нешта паказаць, таму Масква і распрацавала свой план “па Беларусі”. Праўда, зараз знайшлі крыху з іншага боку, бо пытанне адзінай валюты ўжо не падымаюць.

РР: Якія ў гэтым накірунку перспектывы?

Лявон Баршчэўскі: Да 2024 года час у Крамля яшчэ ёсць, будуць даціскаць беларускія ўлады далей. Таму нават такія інфармацыйныя ўкіды нельга ігнараваць.

РР: Прэс-сакратарка беларускага кіраўніка сказала, што ў інтэграцыі ёсць чырвоная рыса, праз якую ніхто пераступаць не будзе – гэта незалежнасць і суверэнітэт краіны.

Лявон Баршчэўскі: Як вядома, сёння абсалютна незалежных краін не бывае. Напрыклад, ЗША у пэўным сэнсе залежаць ад кітайскіх рынкаў, ад ваганняў валют, ад таго, што адбываецца ў розных краінах свету. Таму слова “незалежнасць” нашы дзяржаўныя дзеячы могуць павярнуць так, як ім захочацца.

Можна страціць незалежнасць, але пры гэтым заяўляць, што нічога асаблівага не адбылося. Таму ўся гэтая інтэграцыя – вельмі небяспечная рэч. І гэта не трэба недаацэньваць. Не можа краіна, якая цалкам залежная ад эканомікі іншай краіны, праводзіць незалежную знешнюю палітыку і гэдак далей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя