Лявон Баршчэўскі: Мы баранілі Шушкевіча, як маглі…
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Лявон Баршчэўскі ўспамінае пра падзеі 23-гадовай даўніны.
26 студзеня 1994 года большасцю галасоў дэпутатаў са сваёй пасады быў адкліканы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Як гэта было?
Лявон Баршчэўскі: Ініцыятарам галасавання па адстаўцы Шушкевіча была парламенцкая група “Беларусь”, якой фактычна кіраваў Вячаслаў Кебіч, а фармальна – дэпутаты Генадзь Казлоў і Мікалай Скарынін. Гэтая група на той час мела выразную большасць у Вярхоўным Савеце, і яна, безумоўна, атрымлівала інструкцыі наўпрост з Масквы, куды спадар Казлоў рэгулярна ездзіў. Пытанне адстаўкі хацелі ўзняць яшчэ ў 1993 годзе, але апазіцыя тады правяла бліскучы ход. Галасаванне павінна было прайсці пасля абеду, але мы дамовіліся і сарвалі кворум. На нас тады нагамі тупалі, крычалі, што мы – сабатажнікі. Але прагаласаваць ім не ўдалося. І ў той жа час было зразумела, што такі прыём можна адзін-два разы выкарыстаць, але не больш. Так і адбылося. 26 студзеня 1994 году група “Беларусь” мабілізавала ўсіх сваіх людзей. Не ўсе з іх жадалі адстаўкі Шушкевіча, але ж яны былі залежныя ад выканаўчай улады, працавалі ў гэтых структурах. Таму іх сабралі, і ім удалося прагаласаваць за адстаўку Станіслава Шушкевіча. Гэта, дарэчы, было даволі сімвалічна, бо ў той жа дзень памёр пісьменнік Алесь Адамовіч. Было ясна, што краіна пайшла ў іншы бок.
РР: Кажуць, што Партыя БНФ таксама не лічыла Станіслава Станіслававіча на сто адсоткаў сваім…
Лявон Баршчэўскі: Не лічыла, але ж Зянон Пазьняк публічна сказаў: “Калі здымем Шушкевіча, прыйдзе якая-небудзь пачвара”. Таму мы баранілі яго ўсімі сіламі, як маглі. Вялі з ім размовы, што яму трэба зрабіць. На жаль, спадар Шушкевіч не вельмі слухаў нас.
РР: Яго адстаўка была непазбежнай?
Лявон Баршчэўскі: Калі ў групе “Беларусь” была большасць, то безумоўна. Мы ведалі, да чаго ідзе справа, хадзілі да яго ў кабінет і казалі, што трэба прадухіліць адстаўку. Неабходна частку дэпутатаў схіліць на свой бок, узяць іх на пасады ў Вярхоўны Савет. Але Шушкевіч тады сказаў так: “Гэта не мае метады”. І вынік усім вядомы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя