Лявон Баршчэўскі: Вайна – гэта бруд і апошняя справа



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі выказвае сваю пазіцыю з нагоды святкавання Дня перамогі.

EA41FD4F-289F-4E22-88DF-F8F95FCBD0A2_mw1024_s_n

Лявон Баршчэўскі: У Васіля Быкава ёсць эсэ пад назвай “Горкі смак перамогі”, дзе Васіль Уладзіміравіч расставіў акцэнты на вайне. І яму нельга не верыць, як удзельніку той вайны. На жаль, сёння рэальных ветэранаў, якія паспелі паваяваць, засталося ў жывых, можа быць, літаральна сотні. Таму рабіць выгляд, што гэта свята для ветэранаў, не выпадае. Такія святы неабходны, каб глядзець у будучыню, даваць перспектыву, не выхоўваць пачуццё помствы і зласлівасці, не аднаўляць антызаходнія настроі, як робіць і расейская прапаганда, і беларуская. Трэба паказваць, што вайна ў любой праяве – гэта кепска, што будучы свет павінен быць больш міласэрным. Таму мне і не падабаецца менавіта такія акцэнты ў сёняшніх святкаваннях – развіццё антызаходніх настроеў і пачуццё помсты, што імкнуцца абудзіць у людзях. Ужо няма каму помсціць.

РР: Дзень перамогі – гэта і зварот да маладога пакалення, каб яно памятала пра жахі вайны.

Лявон Баршчэўскі: Менавіта, але моладзі, як я казаў, трэба паказваць, што вайна ў любой праяве была кепская, пра што і пісаў Васіль Быкаў. Яе бяспрэчна неабходна было выйграваць, але вайна – гэта бруд, самая апошняя справа. Вось што павінны зразумець маладыя людзі. Яны павінны ўсвядоміць, што ніколі не павінна быць вайны, як сродку вырашэння нейкай праблемы.

РР: Беларускіх кіраўнік заявіў, што зараз „з’явілася палітычная шпана, якая вырашыла перапісаць старонкі гісторыі і Вялікай Айчыннай вайны пад дыктоўку заходніх рэвізіяністаў і мясцовых нацыяналістаў”.

Лявон Баршчэўскі: Аб’ектыўна яна яшчэ і не напісана, бо адны падаюць гэтую гісторыю са свайго боку, іншыя – з другога. Не хапае ўзважанага погляду, асэнсавання, якую траўму нанесла вайна ўсяму чалавецтву, а не асобным дзяржавам і палітыкам.

РР: Здавалася, што ў 21 стагоддзі людзі не будуць паўтарыць горкі вопыт мінулага, але тое, што адбываецца ва Украіне, абвяргае ўсё гэта. Як такое магло здарыцца?

Лявон Баршчэўскі: Вось менавіта з-за таго, што ў людзей развівалі пачуцці помсты і мілітарызма і ўспыхваюць новыя ваенныя канфлікты. Людзі забыліся, што кепскі мір лепшы за самую лепшую сварку. Вы паглядзіце, што робіць з людзьмі расейская прапаганда. Тэлескрыня вельмі моцна ўплывае на навакольнае асяроддзе, выхоўвае агрэсію замест таго, каб выхоўвалася прымірэнне. А ад агрэсіі да вайны – адзін крок.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bymedia.net