Любоў Лупашко: Многія здзіўлены выказваннямі Дадона



Рэдактар малдоўскай газеты “Curierul Economic” Любоў Лупашко распавяла пра тое, як успрымаць словы прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона пра тое, што краіна можа скасаваць складзенае ў 2014 годзе пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам для прыняцця «дарожнай мапы» супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам.

Ігар Дадон

Любоў Лупашко: Справа ў тым, што ў Маскве былі толькі сацыялісты. Візіт праходзіў без удзелу прадстаўніка ўраду, таму ён меў больш неафіцыйны характар. Дарэчы, многія абсалютна здзіўлены выказваннямі Дадона і тымі лічбамі, якія ён прыводзіў. Маўляў, пагадненне з Еўразвязам нічога не дало, экспарт тавараў туды знізіўся. Як жа нічога “не дало”, калі сёння тавараабарот з ЕС складае больш за 60 адсоткаў?! Ужо зараз многія кажуць: такія выказванні проста недапушчальныя.

РР: Малдова робіць захады ў бок Еўразійскага саюза?

Любоў Лупашко: Усё будзе залежыць ад канфігурацыі будучай большасці ў парламенце і пакажа, наколькі трывалыя пазіцыі сацыялістаў у Малдове. Але, на мой погляд, малаверагодна, што наша краіна далучыцца да Еўразіўскага саюза. Хутчэ будзе нейкае манеўраванне паміж гэтай структурай і Еўразвязам.

РР: Як Малдова жыве пасля абрання Дадона прэзідэнтам? Нешта змяняецца ў лепшы бок?

Любоў Лупашко: Пакуль лепшае жыццё толькі абяцаюць, таму многія, як і раней, стараюцца з’ехаць працаваць за мяжу. Настаўнікам, напрыклад, паднялі заробак усяго на 8 адсоткаў, і ўчора яны з гэтай нагоды пратэставалі. Сярэдні заробак у настаўніка – каля 200 даляраў, у пачынаючага настаўніка – каля 120. Падвысілі таксама пенсійны ўзрост.

Дарэчы, ёсць прагнозы, што ў лютым старшыня Дэмакратычнай партыі Малдовы Уладзімір Плахатнюк ізноў паспрабуе стаць прэм’ер-міністрам, а ён называе сябе “жалезным палітыкам”. Можа быць, пасля гэтага нешта зменіцца…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя