Любоў Лупашко: У Малдове не выключаны “румынскі сцэнар”
Рэдактар малдоўскай газеты “Curierul Economic” Любоў Лупашко распавяла пра прэзідэнцкія выбары ў Малдове, абыякавасць да кампаніі і магчымыя наступствы пасля выбараў.
Як вядома, у Малдове першы тур прэзідэнцкіх выбараў не вызначыў пераможцу. У другі тур выйшлі прарасейскі кандыдат, лідар Партыі сацыялістаў Ігар Дадон і Мая Санду, якая падтрымлівае курс на інтэграцыю з Еўразвязам.
Для перамогі патрэбна было набраць 50%. У выніку Дадон набраў каля 49% галасоў, у Маі Санду – каля 38% галасоў.
РР: Няўжо Малдова вырашыла ўсё ж такі абраць “расейскі шлях”?
Любоў Лупашко: Я б сказала, што гэта не Малдова выбірае такі шлях, а тыя, хто засталіся тут дажываць. Электарат Дадона – гэта ў асноўным тыя людзі, якім ад 50 гадоў і вышэй, а таксама расейская дыяспара. Але спадзяюся, што моладзь таксама задумаецца пра будучыню краіны і выйдзе галасаваць падчас другога тура.
РР: Актыўнасць выбаршчыкаў зусім нізкая. Прэзідэнцкія выбары не цікавыя людзям?
Любоў Лупашко: Людзі стаміліся ад абяцанняў палітыкаў, не вераць, што выбары нешта могуць змяніць. Абяцанняў шмат – жыццё не змяняецца. Многія з’ехалі працаваць за мяжу, і можна было бачыць, што там адсоткі галасавання значна лепшыя, чым унутры краіны.
А ўвогуле, не выключана, што ў Малдове паўторыцца “румынскі сцэнар”. Там падчас прэзідэнцкіх выбараў Віктар Понта пасля першага тура таксама апярэджваў Клауса Йоханіса амаль на 10 адсоткаў. Але ў выніку перамогу атрымаў апошні. Пабачым, што атрымаецца ў нас.
РР: Што наогул можа змяніцца ў Малдове пасля гэтых выбараў? Якія ў вас чаканні?
Любоў Лупашко: Калі прэзідэнтам стане Мая Санду, то, мяркую, шмат што можа змяніцца, бо гэтага чалавека апанентам няма чым шантажыраваць. У нас многія называюць яе так: “Наша Маргарэт Тэтчэр”. Ва ўсялякім выпадку, будзе нармальны кантроль за парламентам, які, па ацэнках многіх, працуе без аніякага нагляду. Робяць што хочуць, усё купляюць… А так хоць людзі будуць ведаць, што там творыцца.
А Дадон з таго ж цеста, што і алігархі, якія сёння кіруюць. Ён, можна сказаць, нават ім належыць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя