Апазіцыю не хочуць бачыць у выбарчых камісіях
Шэсць чалавек ад партыі левых ’’Справядлівы свет’’ будзе працаваць у складзе выбарчых камісіяў на Берасцейшчыне. Гэта самая вялікая колькасць прадстаўнікоў партыі дэмакратычнага кірунку. Таксама ўдзел у працы прымуць тры прадстаўнікі партыі БНФ і адзін прадстаўнік Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада).
Старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі партыі левых ’’Справядлівы свет’’ Людміла Дзенісенка падкрэсліла, што пераважна былі ўхваленыя кандыдатуры актывістаў у рэгіёнах:
– З дзесяці пададзеных сябраў партыі левых ’’Справядлівы свет’’ у склад акружных камісій ўключана 6 чалавек, але гэта ў раёнах. У Берасці мы падавалі 4-х чалавек у абласную і 3-х – у акружныя, з іх ніводзін не ўвайшоў у склад камісій. Гэта гаворыць пра тое, што нашых людзей не хочуць бачыць у камісіях, бо яны будуць працаваць сумленна і прынцыпова.
Як адзначыла Людміла Дзенісенка, такая колькасць прадстаўнікоў партыі ўпершыню была ўключана ў склад камісій. Яна звязвае гэта з неабходнасцю правядзення ў краіне як палітычных, так і эканамічных рэформаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: spring96.org