Мадура адкінуў ультыматум Еўропы
Кіраўнік Венесуэлы Нікалас Мадура адхіліў патрабаванне перавыбараў у краіне. Ён заявіў, што лідар апазіцыі Хуан Гуайда парушыў канстытуцыю дзяржавы, абвесціўшы сябе прэзідэнтам, паведамляе Reuters са спасылкай на CNN Turk.
Адначасна Мадура заявіў, што ён адкрыты для дыялогу.
Напомнім, што раней лідары Францыі і Іспаніі далі прэзідэнту Венесуэлы Нікаласу Мадура, які давёў сваю краіну да стану гуманітарнай катастрофы, восем дзён на аб’яўленне новых выбараў, інакш яны прызнаюць Хуана Гуайда прэзідэнтам краіны.
10 студзеня пачалася другая кадэнцыя Нікаласа Мадуры. Пасля інаўгурацыі, 15 студзеня, парламент Венесуэлы абвесціў Мадуру ўзурпатарам.
21 студзеня ў сталіцы краіны Каракасе група вайскоўцаў запатрабавала адхіліць прэзідэнта ад улады і заклікала грамадзян краіны далучыцца да паўстання. У сутыкненнях у час пратэсту загінулі не менш 14 чалавек.
23 студзеня Гуайда абвесціў сябе „выконваючым абавязкі прэзідэнта”. Пра падтрымку лідару апазіцыі заявілі ЗША, Еўразвяз, Канада, Гватэмала, Бразілія, Аргенціна, Перу, Чылі, Парагвай, гандурас, Коста-Рыка, Панама ды іншыя краіны.
27 студзеня пра падтрымку Гуайда заявіў таксама прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху.
Расея і Беларусь у асобах Пуціна і Лукашэнкі адназначна выказала падтрымку Мадуру. Падтрымаў яго і кіраўнік Турцыі Рэджэп Эрдаган.
Нікалас Мадура заявіў, што не намераны пакідаць пост прэзідэнта Венесуэлы да заканчэння тэрміна паўнамоцтваў у 2025 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя