Магчыма нехта на гэтым нядрэнна зарабляе
У менскім аэрапорце заўважылі адну цікавую рэч. У сталіцу Беларусі пачалі даволі масава прыбываць грамадзяне Іраку і некаторых іншых краін. Яны робяць турыстычныя візы і селяцца ў гатэлях блізу беларуска-літоўскай граніцы. І вось дзіва. Менавіта грамадзяне Іраку складаюць асноўную масу нелегальных мігрантаў, якіх затрымліваюць ужо па літоўскі бок граніцы. Вось што на гэты конт сказала міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ: “У Літвы ёсць доказы таго, што ўлады Беларусі і пагранічнікі замешаныя ў арганізацыі адпраўкі нелегалаў у Еўразвяз. Гэта арганізаваная дзейнасць, пэўная схема – добра арганізаваная, спланаваная. Гэта вялікія грошы, бо перавозка аднаго чалавека каштуе каля 15-ці тысяч даляраў. Гэта відавочна прыбытковае злачынства з удзелам рэжыму і саміх чыноўнікаў”, — кажа Білатайтэ, якую цытуе партал Delfi. Сёлета літоўцы ўжо выявілі 555 нелегальных мігрантаў, якія ідуць з Беларусі. У мінулым годзе было толькі каля 80-ці. І тут варта прыгадаць словы Лукашэнкі, якія прагучалі нядаўна ў “парламенце”, што Беларусь не будзе абараняць Еўропу ад нелегальнай міграцыі, наркатрафіку і кантрабанды ва ўмовах ціску. Маўляў, “цяпер самі будзеце іх есці і лапаць”. Цяпер афіцыйны Менск таксама заявіў, што плануе прыпыніць дзеянне пагаднення аб рэадмісіі, паводле якога ў прынцыпе беларускі бок меў бы тых “нелегальных” іракцаў прыняць назад.
Незалежныя эксперты мяркуюць, што, па-першае, паток нелегальнай міграцыі падтрымліваецца штучна з мэтамі “насаліць” заходнім суседзям. Па-другое, у напрамку Польшчы такія выкрутасы не праходзяць, або праходзяць значна больш складана, з увагі на больш шчыльную аховы польскай граніцы і яе лепшае тэхнічнае абсталяванне. Верагодна, і Літва гэтую праблему вырашыць. Па словах Агне Білатайтэ, мэта — у самыя кароткія тэрміны ахапіць усю граніцу з Беларуссю сучаснымі сістэмамі відэаназірання, якія цяпер пакрываюць усяго 38 працэнтаў гэтай граніцы. Да таго ж Ірак заявіў, што гатовы да дыялогу аб праблеме сваіх грамадзян, якія нелегальна прыбываюць у Літву з Беларусі, – такую інфармацыю агучыў літоўскі міністр замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс паводле вынікаў сустрэчы з іракскім калегам. “Мы не можам дазволіць рэжыму выкарыстоўваць іракскіх грамадзян як свой інструмент”, — сказаў Ландсбергіс.
У кожным разе, за плячыма Літвы – усе структуры і інструменты Еўразвязу, у тым ліку фінансавыя. А вось Беларусі гэтых грошай пакуль не відаць і з увагі на спыненне фінансавых патокаў пасля падзей жніўня 2020 года, і з увагі на намер Менска прыпыніць удзел у праекце “Усходняе партнёрства”. Таму калі сапраўды паток нелегальных мігрантаў у Літву – гэта нейкія трукі ўладаў Беларусі, то выглядае гэта хутчэй на помслівую азлобленасць на ўвесь свет. Бессэнсоўную і безвыніковую. І вельмі стратную.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.