Магерыні: Еўразвяз будзе пашырацца



Еўразвяз вядзе перамовы з Балканскімі краінамі пра ўступленне ў ЕЗ. Пасля выхаду Вялікабрытаніі Еўразвяз будзе пашырацца за кошт Балканскіх краін, піша rbc.ua. Пра гэта заявіла прадстаўніца ЕЗ у замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні ў інтэрв’ю La Stampa. 

«Я перакананая, што Еўразвяз у будучыні не застанецца ў складзе 27 краін, бо ў нас будуць новыя дзяржавы-чальцы. Я думаю, што гэта будуць краіны Балкан, з якімі мы вядзем перамовы пра ўступленне. Шмат хто называе гэты працэс «пашырэннем», але я аддаю перавагу казаць пра ўз’яднанне Еўропы», – заявіла Магерыні.

Нагадаем, раней Магерыні заяўляла, што Вялікабрытанія страціць ад сваёй пастановы пакінуць Еўразвяз больш, чым сам Еўразвяз. Паводле яе слоў, чакаюцца вельмі цяжкія перамовы з Лонданам пра Brexit. Яны пачнуцца, як і планавалася, у чэрвені, пасля таго, як брытанцы прагаласуюць на ўсеагульных выбарах. Таксама Магерыні мяркуе, што ЕЗ пасля Brexit будзе і надалей заставацца першым рынкам у свеце і другой па велічыні эканомікай у свеце.

Фота: FRANCOIS LENOIR/REUTERS