Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргу Рыгора Кастусёва
Магілёўскі абласны суд адмовіў намесніку старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву ў задавальненні касацыйнай скаргі. Палітык абскарджваў прысуд суда Шклоўскага раёна аб пакаранні яго штрафам у памеры 25 базавых велічынь за ўдзел у адзначэнні Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы. Гэтае мерапрыемства прайшло 26 кастрычніка мінулага года, кажа Рыгор Кастусёў.
– Ніякіх довадаў суд не прыводзіў. Амаль гадзіну суд думаў і праз гадзіну вынес вердыкт, што мая скарга не падтрымліваецца і рашэнне суда Шклоўскага раёна лічыцца законным. Далей будзем рыхтаваць чарговую скаргу да старшыні Магілёўскага абласнога суда, ну а калі і старшыня Магілёўскага абласнога суда палічыць, што такое пакаранне справядлівае, значыць будзем звяртацца ў Вярхоўны суд.
Разглядаў касацыйную скаргу Кастусёва суддзя Магілёўскага абласнога суда Мікалай Гладкі. Разгляд скаргі ў судзе праходзіў на беларускай мове. Суддзя не прыняў да ўвагі аргументы Рыгора Кастусёва наконт шматлікіх парушэнняў норм права суддзёй Святланай Баранцавай пры разглядзе яго адміністрацыйнай справы ў судзе Шклоўскага раёна. Нагадаем, што 23 снежня суддзя Святлана Баранцава пакарала штрафам у памеры 25 базавых велічынь намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва за ўдзел у адзначэнні Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя