“Магілёўскія ведамасці” зняважылі Рыгора Кастусёва



Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў накіраваў электронны зварот у Інфармацыйнае агенцтва “Магілёўскія ведамасці”.

Ён просіць патлумачыць, чаму да гэтай пары на старонках газеты не з’явіўся яго артыкул пад назвай “Як у каралеўстве крывых люстэркаў”. У ім вядзецца пра сапраўдны стан спраў у Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці.

Артыкул быў напісаны ў адказ на матэрыял журналіста “Магілёўскіх ведамасцяў” Віктара Кубекі пад назвай “Крывая “сацыялогія”, у якім, на думку Рыгора Кастусёва, былі зняважаны яго гонар і годнасць:

– Выйшаў на “Белсаце” рэпартаж пра даследаванні па Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці – адзін з раёнаў які могуць скараціць, або далучыць да іншага раёна. Прагучаў і мой каментар. Гэта была спроба размоў з людзьмі і спроба пошуку шляхоў для вырашэння негатыву ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. Гэта была такая наша спроба, на жаль улады ўспрынялі гэта па-свойму.

Газета “Магілёўскія ведамасці” надрукавала артыкул Віктара Кубекі “Крывая “сацыялогія” у сваім нумары ад 13 лістапада. У матэрыяле аўтар абрынуўся са знішчальнай крытыкай на здымачную групу “Белсата”, а таксама на намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Журналіст назваў палітыка „пакрыўшымся цвіллю пяцігадовай даўніны былым кандыдатам у прэзідэнты”.

[youtube id=”NMuP3fYWEUI”]

Рыгор Кастусёў палічыў, што Віктар Кубека не толькі абражае яго асабіста, але і дае недакладную інфармацыю пра сапраўдны стан спраў у Круглянскім раёне.

Галоўны рэдактар газеты “Магілёўскія ведамасці”, заснавальнікам якой з’яўляецца аблвыканкам, Святлана Шутава паабяцала, што артыкул Кастусёва будзе надрукаваны 22 снежня.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя