Майк Пампеа: Расея – гэта адзін з ворагаў ЗША
Расея з’яўляецца адным з ворагаў Злучаных Штатаў, лічыць дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Пра гэта ён заявіў у эфіры радыёшоў амерыканскага журналіста Марка Левіна. Тэкст гутаркі ў пятніцу апублікаваны на сайце Дзярждэпартаменту ЗША.
Прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна кіраўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства назваў „рэальнай пагрозай” для тых, „хто любіць свабоду”. Пры гэтым ЗША патрэбна быць гатовымі да пагрозаў і рызыкаў з боку Расеі. Пампеа звінаваціў Расею ў нацэльванні на ЗША ядравых аб’ектаў і маштабнай кібератацы.
Каментуючы маштабную хакерскую атаку на амерыканскія ведамствы, няўрадавыя ўстановы і кампаніі, Пампеа заявіў пра датычнасць да яе Расеі. „Мяркую, што цяпер мы можам даволі цвёрда сказаць, што менавіта расейцы ўдзельнічалі ў гэтай акцыі”, – адзначыў ён.
Раней стала вядома пра шматлікія кібератакі на розныя ўстановы і IT-кампаніі ЗША. 14 снежня Вашынгтон падкрэсліў, што аб’ектамі маштабнай, добра падрыхтаванай кібератакі з-за мяжы сталі Мінфін і Нацыянальнае ўпраўленне па тэлекамунікацыях і інфармацыі (NTIA). Пры тым было ўзламана праграмнае забеспячэнне ЗША пад назвай SolarWinds. Хакеры маглі цягам амаль 9 месяцаў сачыць праз заражаныя кампутары пра тое, што адбываецца.
Кампанія Microsoft,якая дапамагла зрэагаваць на кібератаку, паведаміла, што выявіла больш 40 урадавых агенцтваў, аналітычных цэнтраў, няўрадавых арганізацый і IT-кампаній, у якія залезлі хакеры. Найперш пацярпелі ўстановы ЗША, але аб’екты хакераў былі таксама ў Канадзе, Мексіцы, Бельгіі, Іспаніі, Вялікабрытаніі і ААЭ.
Упраўленне па кібербяспецы 17 снежня заявіла, што класіфікавала хакерскую атаку як „сур’ёзную небяспеку” для адміністрацыі ЗША, уладаў штатаў і камунаў, ключавой інфраструктуры і бізнесу. Газеты The Washington Post і The New York Times паведамлялі пра сувязі хакераў з расейскімі спецслужбамі. Масква заяўляла, што ня мае да гэтага дачынення.
Беларускае Радыё Рацыя